Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калійная вайна» дапамагла фэрмэрам у ЗША


Распад «Беларускай калійнай кампаніі», празь якую «Уралкалій» і «Беларуськалій» прадавалі калійныя ўгнаеньні на сусьветным рынку, як і прадбачвалася, прывёў да адчувальнага падзеньня цэнаў на калійныя ўгнаеньні на сьвеце.

The New York Times паведамляе, што гэтае падзеньне адчулі і амэрыканскія фэрмэры, якія калій набываюць не ад беларусаў і расейцаў, а ад канадцаў.

Амэрыканская газэта піша, што цана на грануляваны калій для фэрмэраў на Сярэднім Захадзе ЗША ўпала з 420 да 400 даляраў за тону, параўнальна з канцом ліпеня, да абвяшчэньня распаду беларуска-расейскага калійнага картэлю.

The New York Times тлумачыць гэтую сытуацыю наступным чынам. Амаль увесь калій на сусьветным рынку да разладу беларуска-расейскага калійнага бізнэсу паходзіў з двух крыніц – зь Беларускай калійнай кампаніі, якая аб’ядноўвала двух вытворцаў («Уралкалій» і «Беларуськалій»), ды канадзкага картэлю «Canpotex», які аб’ядноўвае трох канадзкіх вытворцаў («Potash Corporation of Saskatchewan», «Mosaic» і «Agrium»). Гэтыя два аб’яднаньні, будучы практычна манапалістамі на калійным рынку, утрымлівалі высокі ўзровень цэн на калійныя угнаеньні праз рэгуляцыю прапановы, то бок вытворчасьці калію – падобна, як гэта робяць удзельнікі Арганізацыі краін экспартэраў нафты з сусьветнымі цэнамі нафты або кампанія «De Beers» з цэнамі дыямэнтаў.

Беларуска-расейская калійная вайна і разлад каардынацыі цэн на беларускія і расейскія калійныя ўгнаеньні стварыў новую сытуацыю для пакупнікоў. Як мы ўжо паведамлялі, Кітай, які летась набываў угнаеньні па 470 даляраў за тону, у рамках новых кантрактаў на другое паўгодзьдзе 2013-га і на наступны год мае намер скінуць цану ніжэй за 300 даляраў.

Прадчуваючы сусьветнае паніжэньне цэн на калійныя ўгнаеньні ў выніку беларуска-расейскай спрэчкі, канадцы самі пачалі прапанаваць амэрыканскім фэрмэрам таньнейшы калій.
XS
SM
MD
LG