Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пачалася «Анімаёўка»


На адкрыцьці «Анімаёўкі»

На адкрыцьці «Анімаёўкі»

16 верасьня ў Магілёве ўрачыста адкрыўся міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2013».

12 стужак на ім прэзэнтуе Беларуская нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Палова зь іх на беларускай мове.

Пачаўся фэстываль праграмай анімацыйных фільмаў «Музычная скарбонка Міхаіла Тумелі». Рэжысэр-аніматар Міхаіл Тумеля робіць свае фільмы на беларускай мове і падкрэсьлівае, што гэта ягоны асабісты выбар.

Адказваючы на пытаньне, чаму на беларускім тэлебачаньні амаль не паказваюць мультфільмаў на нацыянальнай мове беларусаў, спадар Тумеля адзначыў:

Міхаіл Тумеля

Міхаіл Тумеля

«Гэта пытаньне да беларускага тэлебачаньня. Мы ж ня можам самі пускаць іх у эфір. Трэба, каб была цікавасьць усяго грамадзтва да гэтага. Мы іх робім. Я дакладна не падлічваў, колькі на сёлетняй «Анімаёўцы» пакажуць беларускамоўных фільмаў. Але ж «Аповесьць мінулых гадоў» дакладна будзе на беларускай мове. Мой фільм „Як служыў я ў пана“ і ўся „Музычная скарбонка“ — на беларускай мове. „Піліпку“, дзіцячы фільм, Тацяна Кубліцкая рабіла на беларускай мове. Палова фільмаў на беларускай мове дакладна».

Вядоўцы на адкрыцьці «Анімаёўкі» — магілёўскі актор, ён жа Несьцерка, Васіль Галец з расейскай акторкай Аксанай Сташэнкай

Вядоўцы на адкрыцьці «Анімаёўкі» — магілёўскі актор, ён жа Несьцерка, Васіль Галец з расейскай акторкай Аксанай Сташэнкай

Беларуская мова гучала на ўрачыстасьці адкрыцьця фэстывалю. На ёй гаварыў актор Магілёўскага драматычнага тэатру Васіль Галец. У вобразе беларускага казачнага героя Несьцеркі ён быў вядоўцам імпрэзы. Ягоная напарніца, расейская акторка Аксана Сташэнка, зьвярталася да грамады па-расейску.

На беларускай мове даслаў віншаваньні з нагоды адкрыцьця «Анімаёўкі» міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў. Намесьнік старшыні аблвыканкаму Валерый Малашка вітаў адкрыцьцё фэстывалю па-расейску.

Наагул жа на ўрачыстасьці адкрыцьця фэстывалю расейская мова пераважала.

На адкрыцьцё фэстывалю ў кінатэатар «Радзіма» прыйшлі ня толькі дзеці, але і курсанты інстытуту Міністэрства ўнутраных спраў. Яны занялі ў залі цэлы рад. Пляцоўку перад кінатэатрам абгарадзілі турнікетамі. За імі сабраліся дзеці, якія здалёк назіралі, як у кінатэатар па чырвонай дарожцы ішлі госьці і ўдзельнікі фэстывалю.

Пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма»

Пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма»

На сёлетнім фэстывалі «Анімаёўка», які праходзіць 16-ты раз, прадстаўленыя 194 анімацыйныя стужкі з 27 краінаў сьвету. 71 фільм адабраны на фэстывальны конкурс. Адзначаецца, што сёлетні фэстываль рэкордны па колькасьці ўдзельнікаў.

Інтэрнацыянальнае журы конкурсу ўзначальвае расейскі мастак і аніматар Леанід Носараў.

Завершыцца фэстываль 18 верасьня. На ўрачыстым закрыцьці назавуць пераможцаў у шасьці намінацыях.

Назву фэстывалю прыдумаў Міхаіл Тумеля.
XS
SM
MD
LG