Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьледчая Ірына Караткевіч паведаміла мастаку Алесю Пушкіну, што справа, зьвязаная зь няшчасным выпадкам падчас сьвяткаваньня Купальля, закрытая.

Суд над мастаком адбыўся 4 верасьня.

«Мне вярнулі рэчавыя доказы, якія былі забраныя на экспэртызу, і сьледчая паставіла кропку. Сказала мне, што справа закрытая. Яна яшчэ раз апытала пацярпелых, ці хочуць яны ўзбуджаць крымінальную справу, тыя сказалі яшчэ раз „не“. І таму я цяпер пакараны толькі штрафам. Судзьдзя прысудзіла мне невялікі штраф за захоўваньне сьпірту паводле адміністрацыйнага артыкулу 12.27. Я зрабіў выснову, што дзяржава ня стала мне помсьціць жорсткім пакараньнем, бо сьледчая мне казала, што па гэтым артыкуле можна было і да трох гадоў атрымаць. Дзяржава ня стала адыгрывацца на апазыцыянэры Пушкіну і караць яго жорстка за гэты няшчасны выпадак», — сказаў карэспандэнту Свабоды Алесь Пушкін.

Пушкін пераканаўся ў выніку гэтай гісторыі, што трэба быць вельмі абачлівым, асьцярожным, каб сьвята ня стала трагедыяй.

Мастак наведваў пацярпелых у лякарнях:

«Самае складанае было з 14-гадовай дзяўчынкай Ганнай, ёй рабілі перасадку скуры. Яна найбольш часу правяла ў лякарні і потым у рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне. Цяпер ужо ўсе сталі ў строй, усе на сваіх працоўных месцах. Нарэшце справа закрытая, і гэта і для мяне палёгка».

Паводле Пушкіна, справу яго разглядала судзьдзя, якая раней судзіла яго ў 2006 годзе, перад выбарамі, і на час выбараў садзіла ў крупскую турму. Таксама яна судзіла яго перад выбарамі ў 2010 годзе.

Няшчасны выпадак здарыўся ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Бабры (Крупскі раён Менскай вобласьці), на сядзібе мастака Алеся Пушкіна. Гатавалі крупнік. Агонь перакінуўся на сьпірт, які гаспадар заліваў у чан. Апёкі рознай ступені атрымалі пяць чалавек, двое зь іх трапілі ў рэанімацыю. Празь некалькі дзён пацярпелых перавезьлі ў апёкавы цэнтар у Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG