Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабадзенка: «Мова ці кава» — гэта курсы беларускага космасу


Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

Назву курсам беларускай мовы, якія сёньня ў Менску распачынаюць свой другі сэзон, падказала сама ідэя: зьбірацца ў кавярні і ў нязмушанай атмасфэры вучыць беларускую мову. Фармат прыдумала маскоўская журналістка беларускага паходжаньня Кацярына Кібальчыч, і ў Маскве ўвесь першы сэзон так і было. А вось у Менску ахвотных вучыцца было так шмат, што знайсьці адпаведную кавярню не ўдалося, таму новы сэзон «Мова ці кава» распачынае ў галерэі «Ў» (праспэкт Незалежнасьці, 37а), — кажа адзін зь вядоўцаў курсаў Глеб Лабадзенка.

«Мова ці кава» — калі чытаць назву курсаў як тры словы, то атрымліваецца выбар паміж мовай і кавай. Але ж яе можна прачытаць і як два, і тады гучыць сьцьверджаньне, што мова — гэта цікава. Менавіта нетрывіяльнае выкладаньне і зрабіла гэтыя курсы папулярнымі ў свой першы сэзон. Штотыднёвыя заняткі наведвала сотня, а то й болей менчукоў. Задача курсаў значна шырэйшая за моўныя межы, — кажа адзін зь вядоўцаў Глеб Лабадзенка.

«Гэтыя курсы маюць задачу ня толькі і ня столькі навучыць беларускай мове, колькі паказаць чалавеку, што ён не самотны ў гэтым сваім сьветлым памкненьні, знайсьці аднадумцаў, знайсьці людзей, зь якімі ён можа паразмаўляць, і новых знаёмых. У мінулым годзе нашы першыя студэнты настолькі перазнаёміліся, што групаю чалавек пад дваццаць нават зьезьдзілі ў некалькі краязнаўчых вандровак па Беларусі».
Нашы першыя студэнты настолькі перазнаёміліся, што групаю чалавек пад дваццаць нават зьезьдзілі ў некалькі краязнаўчых вандровак

На кожныя заняткі арганізатары запрашаюць адмысловага госьця, які пасьпяховы і шчасьлівы ў сваёй штодзённай беларускасьці. Такія госьці выклікаюць надзвычайную цікавасьць, кажа спадар Лабадзенка.

«Такі прыкольны выпадак быў, калі прыйшоў дзесяціразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе, беларускамоўны хлопец Віталь Гуркоў. І калі Віталь расказаў пра сваю кар’еру, свой досьвед, пайшлі пытаньні. І дзяўчаты ў яго пытаюцца: „Віталь, а ці праўда, што ў вас на сьпіне нейкая вялікая і прыгожая татуіроўка?“ Ну, і Віталь кажа, што можа яе паказаць. І з гэтымі словамі ён здымае сваю майку і паказвае дзяўчатам гэтую вялікую і прыгожую татуіроўку. Ну, і ці трэба казаць, што сярод слухачак гэты эпізод выклікаў фурор».

Слухачам гэтыя курсы даюць магчымасьць пазбавіцца аблуды, што зь беларускаю мовай на вуснах нічога не дасягнеш, падводзяць да разуменьня, што родная стыхія дапамагае абудзіць усе закладзеныя прыродай здольнасьці, перакананы Глеб Лабадзенка.

«Мы ставім перад сабой задачу паказаць, што па-беларуску можна размаўляць пра ўсё, можна мець найшырэйшы кругагляд і можна быць вельмі цікавым чалавекам, каб астатнія не сказалі, што ты там нейкі звужаны ці абмежаваны, а зайздросьцілі і хацелі цягнуцца да цябе».

Курсы «Мова ці кава» ад сёньня па панядзелках а 19-й будуць ладзіцца ў менскай галерэі «Ў» (пр.Незалежнасьці, 37а).
XS
SM
MD
LG