Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 20 гадоў зьнікла 4 тысячы бібліятэк


Тракеніцкая сельская бібліятэка, архіўнае фота
Тракеніцкая сельская бібліятэка, архіўнае фота
Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, беларусы па колькасьці карыстальнікаў грамадзкіх бібліятэк — першыя сярод краінаў былога СССР. Між тым бібліятэчных устаноў у Беларусі значна паменела ня толькі ў параўнаньні з савецкім часам, але і зь нядаўнім мінулым.

Паводле апошніх статыстычных дадзеных, у Беларусі дагэтуль найбольш аматараў кнігі ў параўнаньні зь іншымі краінамі СНД — на тысячу чалавек прыпадае амаль 400 карыстальнікаў грамадзкіх бібліятэк. Для параўнаньня, у Расеі гэты паказьнік складае 375 чалавек, ва Ўкраіне — 336. Цяпер у Беларусі дзейнічае крыху больш за 8000 бібліятэк, зь іх 3800 публічныя. Агульны фонд складае 67 мільёнаў крыніц інфармацыі. Летась масавыя бібліятэкі наведалі 3 мільёны 700 тысяч чытачоў. Шмат гэта ці мала?

Для параўнаньня, паводле перапісу 1934 году, у БССР (на той час гэта была толькі Усходняя Беларусь) налічвалася больш за 9700 бібліятэк, палова зь іх — публічныя. У бібліятэчных фондах захоўвалася блізу 10 мільёнаў кніг. Цягам усяго савецкага пэрыяду гэты паказнік ня толькі падтрымліваўся, але заўважна рос. Так, у 1990 годзе, напярэдадні атрыманьня незалежнасьці, у Беларусі было амаль 12 тысяч бібліятэк з агульным фондам больш за 90 мільёнаў асобнікаў. Зь іх 6239 — масавыя. Пры гэтым вясковых чытальняў было на парадак больш — 4991 супраць 1248 у гарадах.

Аднак у наступныя гады інтарэс да бібліятэк зьмяншаўся. З аднаго боку, людзям даводзілася больш думаць пра матэрыяльнае, а не пра духоўнае, зь іншага, рабіў карэктывы тэхнічны прагрэс. Так, паводле перапісу бібліятэчных установаў 2005 году, у Беларусі працавалі 4259 масавых бібліятэк — на 2 тысячы меней, чым за паўтара дзясятка гадоў да таго. Зрэшты, гэта заўважна больш, чым цяперашнія 3800. Тое ж тычыцца і колькасьці наведнікаў — у 2005-м лічба была на паўмільёна большая, чым цяпер.
Клімавіцкая бібліятэка, архіўнае фота
Клімавіцкая бібліятэка, архіўнае фота

Які лёс чакае бібліятэкі? Прадстаўнікі «прасунутага» пакаленьня гаджэтаў перакананыя, што ўжо ў агляднай будучыні гэтыя ўстановы пераўтворацца ў архіўныя сховішчы друкаванай прадукцыі. Такое думкі трымаецца блогер Андрэй Кабанаў:

«З разьвіцьцём тэхналёгій яны, хутчэй за ўсё, ператворацца ў звычайныя архівы, бо папяровыя носьбіты раней ці пазьней стануць гісторыяй. Цяпер у нас электроніка паўсюль, практычна любую кніжку можна спампаваць у інтэрнэце. Хапіла б толькі сілаў апрацаваць, аблічбаваць інфармацыю, якая ёсьць. Але факт, што электроніка выціскае і газэты, і друкаваныя носьбіты. Думаю, што будучае за дэвайсамі. Мы назіраем, што цывілізацыя дае пра сябе знаць, і папяровая індустрыя кане ў гісторыю. Зручней жа зайсьці ў кампутар, чым ехаць кудысьці ў бібліятэку. І моладзь на месцах, у вёсках таксама ўся ў інтэрнэце. Нават зьявілася такое добрае новае выказваньне — ты з маё пагуглі, а там паглядзім. Як раней „пажыві з маё“. Сьмяёмся, але гэта рэальнае адлюстраваньне рэчаіснасьці».
Зручней жа зайсьці ў кампутар, чым ехаць кудысьці ў бібліятэку

Цягам апошняга часу назіраецца тэндэнцыя ўтвараць «гібрыдныя» ўстановы, якія аб’ядноўваюцца ў клюбы-бібліятэкі ці музэі-бібліятэкі. Перадусім гэта тычыцца сельскіх бібліятэк, дзе колькасьць наведнікаў дзе-нідзе скацілася ледзь не да нуля. Ня раз рабілася вядома пра «мёртвыя душы», якія для масавасьці фігуравалі ў чытацкіх блянках. Усё часьцей вясковыя чытальні вымушаныя зачыняцца ці аб’ядноўвацца са школьнымі. Так, цягам 2012 году толькі на Гарадзеншчыне зьліквідаваныя 60 бібліятэк, на дзясяткі ідзе лік і ў іншых рэгіёнах.

Тым ня меней, як лічыць пісьменьнік Віктар Казько, традыцыйныя бібліятэкі не павінны зьнікнуць, бо новыя тэхналёгіі ня могуць стаць ім паўнавартаснай заменай:

«Бібліятэка, я вам скажу, ідзе ў мяне з самага дзяцінства. Першае, што прыйшло, што прывяло кніжку. А потым — гэта і газэта, і часопіс, і навінкі літаратурныя. Толькі бібліятэка. Таму я ўпэўнены, што бібліятэкі ня толькі будуць, але і павінны жыць. Ніколі немагчыма замяніць жывую кніжку чымсьці віртуальным. Ужо колькі разоў нам гаварылі: кіно тэлевізар заменіць, адаб’е, тэатар загіне. Гэта ўсё ня новае. Вось у мяне электронная кніжка. Ну, чытаю на лецішчы яе, нібыта добра, зручна. Але ж душа сумуе па кніжцы, па паху літар, па разгорнутаму лісту. Гэта жывы кантакт. А жывое — найбольш кароткі шлях да таго, хто гэта ствараў, да пісьменьніка. Чалавек заўсёды імкнуўся хадзіць напрамкі. Таму, мяркую, будзе зварот назад. Бо цяпер мы бачым, да чаго, да якой неадукаванасьці прывялі ўсе гэтыя віртуальныя цацкі — мабільнікі, пляншэты ды ўсё іншае чытаньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG