Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты зачыталі Баўмгертнэру лісты ад сваякоў


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

16 верасьня адвакаты наведалі ў СІЗА КДБ Уладзіслава Баўмгертнэра і перадалі яму лісты ад сваякоў. Пра гэта паведаміў расейскі адвакат Баўмгертнэра Аляксей Басістаў:

«Яму самому чытаць гэтыя лісты не дазваляюць. Адвакат яму зачытваў іх уголас. Вось да чаго даходзіць. Больш ніякай новай інфармацыі ў мяне няма».

Камэнтаваць інфармацыю пра магчымае вызваленьне генэральнага дырэктара «Ўралкалія» праз 2–3 тыдні Басістаў адмаўляецца.

13 верасьня расейскі адвакат Аляксандар Дабравінскі паведаміў у сваім фэйсбуку, што акцыянэр «Уралкалія» Сулейман Керымаў прадаў свой пакет акцыяў Уладзімеру Когану. Паводле ягонай інфармацыі, зьдзелка будзе закрытая на працягу бліжэйшых 2–3 тыдняў. Тым жа часам Уладзіслава Баўмгертнэра маюць адпусьціць зь СІЗА КДБ, і ён захавае сваю пасаду генэральнага дырэктара кампаніі. «Беларускі бок цалкам задаволены паваротам падзеяў», — падсумоўвае Аляксандар Дабравінскі.

Раней менавіта Дабравінскі паведамляў, што Керымаў вядзе перамовы з Коганам пра продаж свайго пакета акцыяў.

Генэральны дырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня пасьля перамоваў з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам.

Яму прад’яўленае абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Сьледчы камітэт Беларусі сьцьвярджае, што дзеяньні Баўмгертнэра нанесьлі «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі шкоду на 100 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG