Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абласны суд ня стаў на бок сацдэмакратаў, якія даводзяць, што яны ня «банда»


16 верасьня Магілёўскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў пастанову Ленінскага суду Магілёва. Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» дамагаюцца выбачэньняў ад начальніка «Магілёўаблсельбуду» Паўла Шышова. Раней раённы суд прыняў бок чыноўніка.

Пакінутая без задавальненьня і касацыйная скарга сябра партыі Мікалая Залознага. Скаргі разглядала калегія па грамадзянскіх справах абласнога суду пад старшынствам судзьдзі Сьвятланы Стальмаховай.

У судах партыйцы дамагаюцца, каб начальнік жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства «Магілёўаблсельбуд» Павал Шышоў публічна выбачыўся за зьняважлівае, як лічаць скаржнікі, выказваньне пра партыю.

Адказваючы на пытаньне, чаму высяляюць з інтэрнату Мікалая Залознага, Шышоў заявіў, што той «состоит в этой банде „Грамада“». Кіраўніцтва БСДП «Грамада» і Залозны палічылі, што гэтае выказваньне зроблена наўмысна, каб зьняважыць дзелавую рэпутацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Павал Шышоў, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, абвінавачваньняў апазыцыйнай арганізацыі і ейнага сябра не прызнае. Заяўляе, што Сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада» бандай не называў, а само выказваньне лічыць падробленым.

Сябру прэзыдыюму партыі Ігару Барысаву было даручана прадстаўляць яе інтарэсы пры разглядзе скаргаў у судах. Але да ўдзелу ў сёньняшнім пасяджэньні ў якасьці прадстаўніка яго не дапусьцілі. Судзьдзі ўгледзелі ў дакумэнтах, выпісаных на актывіста, недакладнасьці. За ходам разгляду ён мог толькі назіраць.
Адмовіліся праслухоўваць аўдыёзапіс сюжэту, у якім нас называюць бандай

«Суд доўжыўся ня больш за 15 хвілін. Пастанавіў, што раённы суд нічога не парушыў і ягонае рашэньне правамернае. Адмовіліся праслухоўваць аўдыёзапіс сюжэту, у якім нас называюць бандай, а таксама рабочы матэрыял Асіпцова. Патлумачылі, што іх слухалі. Нас пазбавілі, такім чынам, у судзе мэханізмаў абароны. Шышоў жа — палкоўнік міліцыі, а вэртыкаль улады бароніць сваіх людзей усімі магчымымі сродкамі. Дабіцца справядлівасьці ў нашых судах немагчыма, калі справа тычыцца апазыцыйнай арганізацыі», — лічыць Ігар Барысаў.

Сябры партыі заяўляюць, што яны зьвернуцца ў камітэт ААН па правах чалавека, каб дамагчыся справядлівасьці і абараніць імя партыі.

29 траўня Ленінскі суд Магілёва не задаволіў хадайніцтва сацыял-дэмакратаў аб правядзеньні экспэртызы выказваньня Паўла Шышова ў апублікаваным аўдыёматэрыяле і рабочай стужцы Асіпцова. Як даводзілі суду партыйцы, экспэртыза вызначыла б, ці журналіст падрабіў запісы.
XS
SM
MD
LG