Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адамовіч: «Бяляцкі, Лобаў і Статкевіч — змагары за дэмакратычную будучыню Беларусі»


Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

Адразу 5 лістоў атрымала ад Мікалая Статкевіча ягоная жонка Марына Адамовіч пасьля тыднёвага перапынку. «У лістах розныя ягоныя рэагаваньні на былыя падзеі. Збольшага ў яго ўсё па-ранейшаму. Магу зазначыць, што праблемы апошняга месяца, якія ў яго узьніклі ў магілёўскай турме, магчыма патлумачыць жнівеньскімі канікуламі ў палітыкаў Эўропы: як паслабеў кантроль за сытуацыяй з палітвязьнямі, гэтак адразу пачынаюцца ціск і правакацыі, а потым усё крыху адкручваецца», — кажа Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч лічыць вельмі важнай і знакавай падзеяй тое, што Алеся Бяляцкага, Эдуарда Лобава і Мікалая Статкевіча група дэпутатаў Эўрапарлямэнту вылучыла на атрыманьне прэміі імя Андрэя Сахарава, якой ушаноўваюць за дасягненьні ў галіне абароны правоў чалавека.

«Розныя арганізацыі яны прадстаўляюць, рознымі судамі былі асуджаныя, але застаюцца за кратамі і фактычна разам бароняць правы людзей у нашай краіне, яе права на дэмакратычную будучыню. Яны застаюцца змагарамі, бо рэальна больш за ўсіх змагаюцца за мажлівасьць дэмакратычнай будучыні нашай краіны. Мяркую, яны не выбіралі такі крыж, але нясуць яго годна».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны за Плошчу на 6 гадоў зьняволеньня. Палітвязьня ўтрымліваюць у Магілёўскай турме. Праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 году зьняволеньня і ўтрымліваецца ў бабруйскай калёніі. Маладафронтавец Эдуард Лобаў адбывае 4 гады зьняволеньня ў івацэвіцкай калёніі.
XS
SM
MD
LG