Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах нагадаюць пра зьніклых беларусаў


16 верасьня, у чатырнаццатую гадавіну гвалтоўнага зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у Эйндховэне (Нідэрлянды) пройдзе традыцыйная штогадовая цырымонія памяці зьніклых беларусаў.

Як нагадвае грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем», у гэты дзень у 2008 годзе пры ўдзеле муніцыпальных уладаў у цэнтры Эйндховэну, які ў 1995-2012 г.г. быў горадам-пабрацімам Менску, былі пасаджаныя 4 дубы ў памяць аб гвалтоўна зьніклых Юрыю Захаранку, Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскім і Зьмітру Завадзкім. З тых часоў кожны год 16 верасьня ў Эйндховэне праходзіць цырымонія ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў.

Сёлетняя цырымонія пачнецца а 14-ай на Paradijslaan. Мерапрыемства арганізавана Amnesty International, Фэдэрацыяй Нідэрландзкіх Прафсаюзаў (ФНП), Mission to Minsk і «Мы памятаем» і зьяўляецца адкрытым.

Адкрые цырымонію Ірына Красоўская. Выступяць Сьвятлана Завадзкая, прадстаўнік муніцыпальных уладаў Мары-Ан Схрэўрс, прадстаўнік Amnesty International Крысьці Мідэм і прадстаўнік FNV Вім Деккерс.

Паэт Леа Мэсман прачытае верш «Чатыры дрэвы», які ён прысьвяціў зьніклым беларусам і які выгравіраваны на мэмарыяльнай шыльдзе каля дрэваў. Паэтка Катарына Бур прачытае верш, які яна напісала адмыслова для цырымоніі.
XS
SM
MD
LG