Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія фарбы, якія на халеру палотны? Выкінуць і забыць... Як той казаў, усе гэтыя архаізмы даўно з ваччу сышлі і з памяці народнай зваліліся. Мінулае стагодзьдзе прадэманстравала, што маляваць можна чым заўгодна на чым заўгодна: зернем на клеі, кроўю на пяску, тушшу на скуры, сенам на асфальце. Усё мастацтва, усё купляецца. Ці вось яшчэ можна мачой на сьвежым сьнезе — атрымліваецца ня горш, чым «Жалезам па сьцяклу».

Брытанскі (а дакладней, шатляндзкі) мастак-авангардыст Аляксандар Флэмінг пісаў свае творы разнакаляровымі штамамі мікробаў, якія ён высейваў на агар-агары, разьлітым на кардоне. Сябрам падабалася. Праўда, мікробы часта псавалі задумы аўтара і перапаўзалі туды, дзе быў прадугледжаны зусім іншы колер. Карціны ў выніку выходзілі стракатыя, непрадказальныя і надта ўжо жывыя — на радасьць мастаку і маці-прыродзе.

Зрэшты, як мастака Аляксандра Флэмінга мала хто ведаў. Хіба такія самыя вар’яты, як ён. І ўсё ж у гісторыю ён трапіў менавіта дзякуючы мікробам. Бо містэр Флэмінг быў яшчэ і геніяльны бактэрыёляг. І, як нармальны геній і сапраўдны бактэрыёляг, ён не любіў мыць за сабой посуд — бо хто ж будзе сваімі рукамі нішчыць такую прыгажосьць? Бактэрыёлягам сам бог запавёў любіць жыцьцё — у ягоных самых простых і самых шкодных формах, што кішаць і тут, і там. І вось формы кішэлі, кішэлі — і дакішэліся...

15 жніўня 1928 году Флэмінг, на той час ужо даволі знакаміты дзякуючы сваім саплям, з дапамогай якіх быў адкрыты лізацым — пайшоў у адпачынак, не памыўшы пасьля сябе шматлікія прабіркі. Роўна празь месяц, 15 верасьня, мастак-навуковец вярнуўся на працоўнае месца і пачаў разглядваць кожную са сваіх каламутных шклянак — раптам за час яго адсутнасьці там нешта вырасла? Які-небудзь хлопчык-з-пальчык, якога можна будзе ахвяраваць навуцы? У адной з прабірак Флэмінг пабачыў плесьню, прыгожую, як самое каханьне, і вышкталцоную, як Вэнэра Мілоская.

«Нічога сабе», — падумаў Флэмінг. — «Значыць, калі ня мыць посуд, у ім заводзіцца плесьня... Трэба сказаць пра гэта служанцы і напісаць у «Nature».

Адкрыцьцё так яго зьдзівіла, што ён узяў мікраскоп і пачаў любавацца цудам мікраарганікі. Калі б вучоны быў звычайным добрапрыстойным лёнданскім буржуа, дык, мусіць, ажаніўся б са сваёй знаходкай. Але ён быў мастак-абстракцыяніст і пагарджаў умоўнасьцямі. Прыгледзеўшыся, Флэмінг заўважыў, што жаніцца з прыгажуняй-плесьняй рана — бо яна паела ўсе суседнія бактэрыі, зь якімі Флэмінг працаваў месяц таму, а булёнам, на якім яна зьявілася, можна было зьнішчыць усё жывое ў асобна ўзятай шклянцы.

Так чалавецтва атрымала пэніцылін. Можна сказаць, што Аляксандар Флэмінг уратаваў нас усіх — і навучыў з павагай ставіцца да мікраарганізмаў і іншых грыбкоў нашага неспакойнага лесу. Часам варта не закрываць нос рукой рукой, калі чхаеш, і ня мыць пасьля сябе посуд — гісторыя даруе, навука ацэніць, мэдыцына падзякуе, а зь містэрам Пропэрам усё адно ня так ужо й весела.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG