Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія грыбы: гандаль ідзе бойка


Лісічкі з-пад Цэнтральнага гомельскага рынка
Лісічкі з-пад Цэнтральнага гомельскага рынка

На Гомельшчыне пасьля цёплых верасьнёўскіх дажджоў пайшлі ў рост грыбы. Але далёка ня ўсе грыбнікі-гандляры правяраюць свае грыбы на радыяцыю.

На рынках абласнога цэнтру й каля іх грыбнікі прапануюць на продаж лісічкі, падасінавікі, падбярозавікі, а апошнімі днямі — і масьлякі.

Але далёка ня ўсе гандляры правяраюць свае грыбы на радыяцыю.

На рагу вуліц Карповіча й Катуніна кабета сталага веку прапануе гараджанам лісічкі — залацістыя, прыгожыя на выгляд:

«12 тысяч слоік. Грамаў трыста будзе — яны зараз цяжкія. Не правярала на радыяцыю. Раней правярала, а зараз няма чаго правяраць: крыху набралі. Ля Чыжаўкі, Шчэрбаўкі, што ў бок Рэчыцы. Бабкі пачынаюць ужо лезьці зь зямлі, падасінавікі лезуць».

На тэрасе рынку малады хлапец сапраўды прадае шыкоўныя красьнюкі, а таксама падбярозавікі, якія ў побыце часьцей называюць бабкамі. Просіць за кілё 25–30 тысяч рублёў. Грыбы правераныя. У лябараторным квітку пазначана, што ў іх на 37 бэкерэляў радыяцыйнага цэзію. Адносна няшмат, бо паводле лагодных беларускіх санітарных нормаў на продаж прапускаюць грыбы, у якіх на кіляграм да 370 бэкерэляў радыецэзію. Стронцый у грыбах наагул ніхто ня мерае, хоць у сельгаспрадукцыі, вырашчанай на заражаных землях, трывогу выклікае менавіта стронцый — яго знаходзяць і ў збажыне, і ў бульбе.
Красьнюкі
Красьнюкі

Пэнсіянэрка, якая назвалася Верай Дзьмітраўнай, прыцэньваецца да сьвежых красьнюкоў:

«Белых хацела. Але й гэтыя добрыя. Мне хочацца, дык я бяру й суп вару, калі прыгожыя, або смажу. Раней і сама хадзіла ў лес у грыбы. Люблю зьбіраць — прыгожа яны растуць. І зьбіраю ў тых мясьцінах, дзе нібыта слабая радыяцыя. За Навабеліцай — туды далей».
Масьлюкі з-пад Чабатовіч
Масьлюкі з-пад Чабатовіч

73-гадовая Варвара, чарнобыльская перасяленка, прадае толькі масьлякі. Перабраныя й ачышчаныя — па 50 тысяч, звычайныя — па 30 тысяч. Кажа, што зьбірала грыбы паблізу вёскі Чабатовічы, што ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Раён моцна забруджаны радыяцыяй. Гэта відаць і з радыелягічнай праверкі масьлякоў. Шкоднага для здароўя радыецэзію ў іх — на 90 бэкерэляў. Спадарыня Варвара лічыць, што гэта няшмат, бо вэтсанлябараторыя дазваляе прадаваць. Купляйце, людзі!

Варвара: «Чалавек ехаў, дык паехалі й назьбіралі. Добра, што я за выручку і хлеба куплю, і малака куплю. А то ж як на пэнсію жыць? Заплачу ўсе камунальныя, тое ды сёе… Дорага! А лекі колькі каштуюць! Я сама з Брагінскага раёну. Мы ў Гомель пераехалі. Хворая была, мне далі даведку, каб я адтуль зьяжджала. І мы пераехалі зь дзедам. Тут дзеці ў нас жывуць. І мы тут сталі жыць, але дзед мой памёр ад Чарнобылю».

Грыбнік-аматар спадар Леанід пагаджаецца, што 90 бэкерэляў радыенуклідаў у грыбах павінны насьцярожыць любога:

«90 бэкерэляў — гэта нямала. Палохае. Сам будзеш спажываць, ды яшчэ й дзіця паспытае».

Сам Леанід кажа, што зьбірае пераважна апенькі, якія менш за іншыя грыбы набіраюць радыяцыі. Адварвае ў падсоленай вадзе й спажывае. Адмаўляцца ад лясных грыбоў і пераходзіць на экалягічна чыстыя, напрыклад, польскія шампіньёны, якія прадаюць на рынку, не зьбіраецца. Чаму — тлумачыць гэтак:

«Дык цэны ж якія! А тут пахадзіў па лесе і ўзяў бясплатна».
Падасінавікі і падбярозавікі
Падасінавікі і падбярозавікі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG