Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пантэон гіпсавых правадыроў


Сваякі вядомага скульптара Заіра Азгура выказалі занепакоенасьць захаваньнем экспазыцыі ў мэмарыяльным музэі-майстэрні. У прыватнасьці, чаму з заяўленых 435 скульптураў выстаўляюцца менш за 300? Дзе астатнія?

Да 2004 году музэй-майстэрня Заіра Азгура быў філіяй Дзяржаўнага мастацкага музэю. Пасьля атрыманьня самастойнага статусу ўстанове перадалі гіпсавыя арыгіналы, якія сталі правобразамі будучых помнікаў, бюстаў, барэльефаў. Паводле афіцыйных зьвестак, цяпер асноўны фонд калекцыі «Скульптура З. І. Азгура» налічвае 435 працаў. Аднак у галоўнай залі, якая апошнія гады жыцьця мастака служыла яму майстэрняй, стала экспануюцца толькі 283. Сваякі хочуць дазнацца, дзе захоўваюцца астатнія творы, ці ёсьць небясьпека несанкцыянаванага іх вывазу?

Дырэктарка музэю Аксана Багданава кажа, што нават ускосныя падазрэньні абражаюць музэйных работнікаў як прафэсіяналаў сваёй справы:

«Ведаеце, тут пытаньні такога агульнага лягічнага пляну. Першае пытаньне — навошта, а другое пытаньне — як? На першае пытаньне мы з галоўным захавальнікам адказу не знайшлі, на другое таксама. Хачу ахарактарызаваць свой калектыў як сапраўдных музэйшчыкаў, якія асэнсавана выбралі ў свой час прафэсію, якія тут ня проста па натхненьні, ня проста выпадкова, якія, як кажуць, заўсёды ў дом, навошта ім з дому? Нейкая парадаксальная сытуацыя. У нас вельмі творчы калектыў і пры гэтым адэкватны. Таму гэтае пытаньне, як мы падумалі, разьмяшчаецца па-за плоскасьцю адэкватнасьці. І мы зацікаўленыя адразу паставіць кропку».

Галоўная захавальніца музэю Вольга Багамолава пераконвае, што кожны ахвотны можа палічыць рэальную колькасьць экспанатаў. А тое, што ў адным месцы сканцэнтраваная ня ўся калекцыя, мае лягічнае тлумачэньне — абмежаванасьць выставачнай плошчы. Пэўная частка вымушана захоўваецца ў запасьніках:

«Музэйныя прадметы могуць рухацца ў межах музэю. Дзеля таго, каб яны выйшлі за сьцены музэю, неабходны дазвол вышэйстаячай арганізацыі. За 5 гадоў маёй працы на гэтай пасадзе, ад 2008 году, ніводзін прадмет не пакінуў межаў гэтага дому. Зрэшты, мы ў гэтым і не зацікаўленыя. Можаце задаць пытаньні ў вышэйстаячыя арганізацыі — у Міністэрства культуры, у Менгарвыканкам — ці быў нейкі рух за межы музэю за апошнія 5 гадоў. Ні разу! Мы ня маем на гэта права, бо гэта гіпс, гіпсавыя арыгіналы. У нас шмат чаго просяць, але мы адмаўляем, бо гіпс не падлягае транспартаваньню куды б там ні было. Таму для нас важна пераводзіць гіпс у цьвёрды матэрыял, у бронзу. Вось пра гэта зараз трэба думаць, разумееце? А каб кудысьці езьдзіць з гіпсам, пра гэта нават гаворка не ідзе. Мы безвыязныя».
За 5 гадоў маёй працы на гэтай пасадзе, ад 2008 году, ніводзін прадмет не пакінуў межаў гэтага дому

Хоць бальшыня гіпсавых скульптураў — толькі прататыпы будучых глябальных формаў, экспазыцыя ўражвае колькасьцю партыйных правадыроў на квадратны мэтар. Расказваюць, што сярод калегаў Азгура хадзіў такі жарт: «Што б ні пачаў ляпіць Заір Ісакавіч, усё роўна выходзіць Ленін». Недалёка ад праўды: толькі ў вялікай залі, былой майстэрні, сабрана два дзясяткі вялікіх і малых Ільічоў, а ўсяго ў будынку іх больш за 30. Тут жа Сталіны, Дзяржынскія, Марксы, Хрушчовы ды іншыя дзяржаўныя савецкія дзеячы. Тут знайшліся і шматтонныя галовы Маркса і Леніна, з набыцьцём незалежнасьці дэмантаваныя з-пад былога гмаху ЦК КПБ, цяперашняй рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Дарэчы, каб праціснуць іх у памяшканьне, давялося разьбіраць сьцяну.

Як кажа Аксана Багданава, зыходзячы нават з маштабнасьці аб’ектаў, цяжка ўявіць, каб іх кудысьці можна было перасунуць. Што да верхніх паліц стэляжоў, то ў адсутнасьць пад’ёмнікаў да некалькіх дзясяткаў скульптураў немагчыма дабрацца фізычна. Нават каб ацаніць, у якім яны стане:

«Калі б, напрыклад, паступіў запыт у музэй з просьбай паглядзець, палічыць, паказаць, у тым ліку запасьнікі — ну, увогуле не пытаньне. Афіцыйна і нават неафіцыйна. Калі запыт пойдзе, скажам, наўпрост у Міністэрства культуры, Менгарвыканкам — тая ж сытуацыя. Гэта такое пытаньне, што з заканадаўчага пункту гледжаньня мы ўвогуле ня маем права камусьці адмовіць, бо мы публічная інстытуцыя, мы — дзяржаўны музэй. Да таго ж у свой час склалася проста ўнікальная сытуацыя, якая найлепшым чынам характарызуе сям’ю Азгура. Творчая спадчына Заіра Ісакавіча была перададзеная ў дар дзяржаве. Разумееце? То бок гэты музэй зьявіўся, з аднаго боку, дзякуючы вуснаму тастамэнту мастака, а зь іншага боку, добрай волі сям’і!»

У сваю чаргу Вольга Багамолава дадае, што ўсе супрацоўнікі музэю — матэрыяльна адказныя асобы, таму дакладна ведаюць, што ім «сьвеціць» у выпадку страты хоць аднаго экспанату:

«Ёсьць унутраныя музэйныя ўліковыя дакумэнты, ёсьць у кожнага захавальніка свой тапаграфічны вопіс, і кожны захавальнік музэйнай калекцыі ведае, дзе, у якой шафе і на якой паліцы ў яго што стаіць. Гэта тычыцца і калекцыі „Скульптура З. І. Азгура“. Усе, хто працуе ў музэі, — матэрыяльна адказныя асобы паводле дамовы. Таму яны выдатна ведаюць, з чым маюць справу, і сапраўды асэнсавана прыходзяць працаваць у музэй і ведаюць, за што адказваюць. Больш за тое, згодна з указам прэзыдэнта ў Дзяржаўны музэйны фонд Рэспублікі Беларусь мы накіравалі інфармацыю пра 332 музэйныя прадметы з калекцыі „скульптура“. Таму гэтыя прадметы проста недатыкальныя. І нават калі ўзьнікае пытаньне ператаніроўкі, мы павінны зьвярнуцца ў Міністэрства культуры, зафіксаваць усе зьмены. Увогуле ўсё гэта ў адкрытым доступе».

У мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура захоўваюцца і экспануюцца скульптурныя творы, створаныя ім ад 1942 году. Значная колькасьць працаў прысьвечаная героям вайны, кіраўнікам камуністычных і рабочых партыяў, военачальнікам, героям працы. Азгур стварыў помнікі Леніну ў Беларусі, Расеі, Казахстане, ён аўтар барэльефа на абэліску Перамогі ў Менску, суаўтар колішняга помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы беларускай сталіцы. Таксама ў актыве Азгура і помнікі ў гонар дзеячаў айчыннай і ўсясьветнай культуры — Скарыны, Гусоўскага, Коласа, Купалы, Чорнага, Тагора, Лу Сіня, Ўітмэна ды іншых. Азгур двойчы адзначаўся Сталінскай прэміяй, уганараваны званьнем Героя сацыялістычнай працы.
XS
SM
MD
LG