Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Wall Street Journal: Асад хавае хімічную зброю


Інтэрнэтнае выданьне The Wall Street Journal сьцьвярджае, што сакрэтнае падразьдзяленьне сырыйскай арміі «450» займаецца разгрупаваньнем запасаў атрутных рэчываў і боепрыпасаў хімічнай зброі па 50 аб’ектах на тэрыторыі ўсёй краіны, каб ускладніць іх выяўленьне і патэнцыйнае зьнішчэньне. Выданьне спасылаецца на афіцыйных асобаў у ЗША і на Блізкім Усходзе.

Паводле газэты, амэрыканская і ізраільская выведкі па-ранейшаму ведаюць месцазнаходжаньне большасьці пунктаў захоўваньня хімічнай зброі ў Сырыі, але ступень праўдзівасьці гэтай інфармацыі сёньня меншая, чым паўгода таму.

Падразьдзяленьне «450» ажыцьцяўляе перамяшчэньне атрутных рэчываў ужо некалькі месяцаў; апошні выпадак такога перамяшчэньня быў зафіксаваны на мінулым тыдні па сьлядах заявы прэзыдэнта ЗША Барака Абамы аб пачатку падрыхтоўкі да паветраных удараў па Сырыі.

Злучаныя Штаты, піша газэта, трымаюць інфармацыю аб падразьдзяленьні «450» ў таямніцы нават ад сваіх саюзьнікаў у шэрагах сырыйскай апазыцыі, баючыся, што яны маглі б учыніць спробу прыдбаць сабе гэтую хімічную зброю.

Тым часам у Жэнэве міністры замежных справаў ЗША і Расеі Джон Керы і Сяргей Лаўроў спрабуюць дамовіцца аб перадачы сырыйскай хімічнай зброі пад міжнародны кантроль. Пакуль ня ясна, як доўга гэтыя жэнэўскія перамовы працягнуцца.

Спроба рэгуляцыі пытаньня хімічнай зброі ў Сырыі Вашынгтонам і Масквой адбываецца пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін апублікаваў артыкул у The New York Times, у якім папярэджваў, што любы ваенны ўдар ЗША па Сырыі можа перавярнуць сусьветны парадак і «разьвязаць новую хвалю тэрарызму».

Пуцін таксама папярэдзіў, што калі «ўплывовыя краіны абмінуць Арганізацыю Аб’яднаных Нацый і распачнуць ваенныя дзеяньні бяз санкцыі Рады Бясьпекі», ААН можа напаткаць такі самы лёс, як яе папярэдніцу, Лігу Нацый.

У сваім артыкуле Пуцін паўтарыў сваё ранейшае выказваньне, што ёсьць «усе падставы меркаваць», што хімічная хімічная атака каля Дамаску 21 жніўня была зьдзейсьнена паўстанцкімі сіламі. Вашынгтон жа абвінавачвае сырыйскі ўрад у гэтым акце, у якім, паводле амэрыканцаў, загінулі больш за 1400 чалавек.

Артыкул Пуціна ў The New York Times выклікаў шквал камэнтараў у амэрыканскіх СМІ, не ў апошнюю чаргу сваёй вострай крытыкай амэрыканскай «выключнасьці», пра якую расейскі прэзыдэнт сказаў: «Мільёны людзей ва ўсім сьвеце ўсё больш бачаць Амэрыку не як мадэль дэмакратыі, але як краіну, якая абапіраецца выключна на грубую сілу».

Падтрыманая Баракам Абамам і Ўладзімерам Пуцінам ініцыятыва паставіць хімічную зброю рэжыма Башара Асада пад міжнародны кантроль была адкінута апазыцыяй з сырыйскай Нацыянальнай кааліцыі, якая ахарактарызавала яе як «палітычны манэўр», скіраваны на захаваньне рэжыму Асада ад удараў ЗША .

Кіраўнік Свабоднай сырыйскай арміі Сэлім Ідрыс абвінаваціў Асада і яго саюзьнікаў у Расеі ў хлусьні, кажучы на тэлеканале Аль-Джазіра: «Мы заклікаем сырыйцаў да страйкаў і мы папярэджваем міжнародную супольнасьць, што гэты рэжым хлусіць, і што хлус Пуцін зьяўляецца яго настаўнікам».
XS
SM
MD
LG