Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатам Баўмгертнэра няма дарогі ў Вярхоўны суд


Вярхоўны суд
Вярхоўны суд

Чарговае рашэньне пра працяг утрыманьня пад вартай гендырэктара «Ўралкалія» будзе прымацца праз два месяцы пасьля яго затрыманьня – 26 кастрычніка.

Менскі гарадзкі суд сёньня адмовіў у задавальненьні скаргі адвакатаў Уладзіслава Баўмгертнэра, якія абскарджвалі меру стрыманьня для генэральнага дырэктара «Ўралкалія». Вяла працэс судзьдзя Тацьцяна Рэвінская.

Памочніца старшыні менскага гарадзкога суду Надзея Баранава паведаміла, што ў адпаведнасьці з арт. 145 КК РБ рашэньне Менскага гарадзкога суду канчатковае і абскарджваньню не падлягае.

«Вярхоўны суд ужо не дапаможа», — сказала Надзея Баранава.

Раней такое ж рашэньне прыняў суд Партызанскага раёну Менску (судзьдзя Натальля Пыкіна).

Якімі могуць быць дзеяньні адвакатаў у справе Баўмгертнэра?

Адвакат Дзьмітры Гарачка кажа, што стратэгія абароны цяпер простая: «Можна зьвяртацца ў пракуратуру, каб яны прыносілі пратэст. Абскарджваць мы ўжо ня можам — толькі прыносіць пратэст. Цяпер сядзім, абдумваем, куды аптымальна зьвярнуцца. Пракуратура — адзін з варыянтаў».

Адвакат Павал Сапелка кажа, што ў гэтым выпадку магчымая толькі «скарга ў парадку нагляду»:

«Пратэст можа быць прынесены старшыні Менскага гарадзкога суду. У выпадку адмовы ў прынясеньні пратэсту — намесьніку старшыні Вярхоўнага суду. Далей — старшыні Вярхоўнага суду. І паралельна — намесьніку генэральнага пракурора і самому генэральнаму пракурору.

Скарга падаецца ня з просьбай адмяніць рашэньне суду, а з просьбай прынесьці пратэст, які пазьней будзе разглядаць Прэзыдыюм гарадзкога суду. Разгляду справы з удзелам абароны ўжо ня будзе. Будзе разглядацца абгрунтаванасьць і законнасьць вынясеньня рашэньня.

Калі пратэст будзе разгледжаны Прэзыдыюмам гарадзкога суду, то гэты орган мае права альбо зьмяніць, альбо адмяніць меру стрыманьня альбо адмовіць у прынясеньні пратэсту».

«Вядома, у любым працэсе трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці, — кажа Павал Сапелка, — але я хачу нагадаць пра высновы Камітэту правоў чалавека ААН: «Нагляднае вядзеньне ня ёсьць эфэктыўным спосабам аднаўленьня парушанага права».

«Падаваць пратэсты можна бясконца, — кажа Сапелка. — Але майце на ўвазе, што праз два месяцы будзе разглядацца пытаньне пра працяг тэрміну ўтрыманьня пад вартай. І тады ўжо можна будзе ізноў зьвяртацца са скаргай».

«Тэарэтычна абарона можа абскарджваць меру стрыманьня і на працягу гэтых двух месцаў, — тлумачыць Сапелка. — Але на працэсе Андрэя Саньнікава, напрыклад, мне адмовілі ў разглядзе паўторнай скаргі».

Акалічнасьці справы адвакат Гарачка камэнтаваць адмаўляецца. Аднак пацьвярджае, што пытаньне вызваленьня пад заклад не ўздымалася:

«Паводле беларускага заканадаўства, каб гэта абмяркоўваць, абвінавачаны мусіць спачатку кампэнсаваць шкоду. А пасьля ўжо прапаноўваць заклад».

Паводле СК РБ шкода, нанесеная дзеяньнямі Ўладзіслава Баўмгертнэра, складае 100 мільёнаў даляраў.

«Гэта проста вымагальніцтва, — кажа расейскі адвакат Баўмгертнэра Аляксей Басістаў. — Мы нават не ўздымалі пытаньне закладу, калі даведаліся, што працэдура выглядае так. Мы адмаўляем усе абвінавачаньні. Нам незразумела, адкуль узялася гэтая лічба».

Аляксей Басістаў таксама кажа, што ўтрыманьне ў СІЗА КДБ ня надта добра адбіваецца на стане здароўя ягонага кліента:

«Такія ўмовы нікога не аздараўляюць. Назваць яго абсалютна здаровым чалавекам я ўжо не магу».

Гэтаксама адмоўлена Ўладзіславу Баўмгертнэру і ў спатканьнях са сваякамі. Маці Баўмгертнэра Тацьцяна, па словах беларускага і расейскага адвакатаў, цяпер у Маскве.

У працэсах па абскарджваньні меры стрыманьня Баўмгертнэру адвакаты прапаноўвалі вызваліць яго пад асабістыя паручальніцтвы губэрнатара Пермскага краю Віктара Басаргіна і дэпутата Дзярждумы Ігара Барынава. На адмоўнае рашэньне судоў абедзьвюх інстанцый гэта не паўплывала. Паручыцца за Баўмгертнэра могуць і грамадзяне Беларусі.

«Я толькі нагадаю, што ў працэсе Алеся Бяляцкага 800 чалавек прасілі вызваліць яго пад іхнае паручальніцтва, — кажа Павал Сапелка. — Гэта аніяк не дапамагло».

«Будзем выкарыстоўваць усе магчымасьці. Што не забаронена, тое дазволена — я заўжды прытрымліваўся такой пазыцыі», — падсумоўвае Дзьмітры Гарачка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG