Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі абяцаюць арганізаваць незалежнае асьведчаньне стану Паснова


Сяргей Рыжоў, прадстаўнік лекара Ігара Паснова, сустрэўся з намесьнікам галоўнага лекара віцебскага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Ігарам Сьвіркуновым.

Паводле Рыжова, Сьвіркуноў паабяцаў, што будзе склікана незалежная камісія зь лекараў абласнога псыхіятрычнага шпіталя, прадстаўнікоў віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту і рэспубліканскага цэнтру псыхічнага здароўя. Калі гэта адбудзецца, дакладна не вядома, але Сьвіркуноў запэўніў, што самым бліжэйшым часам.

Таксама намесьнік галоўнага лекара шпіталя, дзе ўтрымліваюць Ігара Паснова, не адкідае магчымасьці пераводу пацыента на амбуляторнае лячэньне — калі гэта будзе рэкамэндавана камісіяй.

Рыжову на правах даверанай асобы паабяцалі даць магчымасьць сустрэцца зь Ігарам Пасновым. У наступны панядзелак яму абяцаюць паказаць гісторыю хваробы Паснова.

Сяргей Рыжоў, спасылаючыся на словы Ігара Сьвіркунова, кажа, што пасьля курсу лячэньня Пасноў па-ранейшаму зможа працаваць лекарам. Толькі, мабыць, у нейкай іншай мэдычнай установе.

16 верасьня Ігара Паснова, які працаваў лекарам-псыхіятрам у тым самым абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, проста з працы забралі ў другое, закрытае, аддзяленьне гэтай установы. З санкцыі пракурора ён быў накіраваны на прымусовае абсьледаваньне псыхічнага стану. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, дзе віцебскі лекар зноў скрытыкаваў недасканалую працу і кепскі стан мэдычных установаў Віцебшчыны і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.

21 верасьня ў яго адсутнасьць, без удзелу ў працэсе адваката ці іншых прадстаўнікоў Ігара Паснова судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацяна Дзегцярова санкцыянавала для Паснова прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Лячыць пачалі адразу, не чакаючы, пакуль судовае рашэньне ўступіць у законную сілу.

12 верасьня Віцебскі абласны суд пакінуў рашэньне гэтага суду бязь зьменаў, не задаволіўшы касацыйную скаргу Паснова.

Ігар Пасноў пратэставаў супраць прымусовага лячэньня — ня раз і ў вуснай, і ў пісьмовай форме адмаўляўся прымаць прапісаныя яму прэпараты.

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Паснова. Яны патрабуюць перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зьвярнуўся ў Эўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, якога за крытыку беларускіх уладаў прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ня мае сумневу, што «прысуд палітычна матываваны» і «зьяўляецца чарговай спробай зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі». У сувязі з гэтым дэпутат заклікае зрабіць на міжнародным форуме ўсе магчымыя крокі, каб абараніць беларускіх лекараў, а таксама прыняць меры ў гэтай канкрэтнай справе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG