Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона на ўвоз беларускай сьвініны ў Казахстан будзе зьняты толькі пасьля лякалізацыі ачага афрыканскай чумы сьвіней у Беларусі, паведаміў выконваючы абавязкі старшыні камітэта вэтэрынарнага кантролю і нагляду Мінсельгаса Казахстана Мерэке Тайтубаев.

Цяпер з-за АЧС забаронены ўвоз сьвініны ў Казахстан з шэрагу абласьцей Беларусі.

Паводле Тайтубаева, «забарона будзе працягвацца, пакуль не лякалізуюцца гэтыя ачагі і пасьля зьняцьця самой Рэспублікай Беларусь абмежаваньняў», перадае Інтэрфакс.

Ён адзначыў, што першая забарона на ўвоз сьвініны зь Беларусі ў Казахстан была ўведзена ў чэрвені гэтага года, наступная забарона ўведзена пасьля паўторнай ўспышкі ў ліпені-жніўні.

У Расеі вірус распаўсюджваецца з 2007 году, за гэты час там зьнішчаныя сотні тысяч сьвіней. Сёлета ён дабраўся да Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай, дзе вырабляецца амаль чвэрць усёй сьвініны ў Расеі. Паводле зьвестак, пададзеных на сайце Рассельгаснагляду, на 19 ліпеня ў РФ зарэгістравана 85 актыўных асяродкаў АЧС.

У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня выпадкі АЧС былі зарэгістраваныя ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях Беларусі, у сувязі з чым Рассельгаснагляд абмежаваў увоз у Расею сьвініны з гэтых рэгіёнаў. Пра ўвод абмежаваньняў на беларускую сьвініну абвясьцілі Літва і Ўкраіна, Польшча хоча адгарадзіцца ад Беларусі плотам.

Раней кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Леанід Заяц заяўляў, што вірус сьвіной чумы мог быць занесены ў краіну з кармамі для жывёлы, якія паходзілі з Расеі.

«На жаль, нягледзячы на захады, якія робяцца, засьцерагчы нашу сьвінагадоўлю пакуль не ўдалося», — заявіў Лукашэнка 22 жніўня на нарадзе аб эпізаатычнай сытуацыі ў сьвінагадоўлі.

У Беларусі прымаюцца дадатковыя захады супраць афрыканскай чумы сьвіней і іншых хваробаў жывёл.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG