Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у Астане, што дакумэнты па стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу будуць падрыхтаваныя ў загадзя ўзгоднены тэрмін.

Заява прагучала ў Астане на перамовах Сяргея Лаўрова з казахстанскім калегам Ерланам Ідрысавым, — паведамляе ІТАР-ТАСС.

«Мы сёньня гаварылі пра значны прагрэс у рабоце па стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, — адзначыў Лаўроў. — Графік узгоднены і выконваецца. Ёсьць усе падставы казаць, што дакумэнты будуць падрыхтаваныя ў тэрмін».

Як заявіла сябра калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі па асноўных напрамках інтэграцыі і макраэканоміцы Тацяна Валавая, «ёсьць палітычнае рашэньне прэзыдэнтаў Расеі, Беларусі й Казахстана, ня раз пацьверджанае, і няма сумневаў, што з 1 студзеня 2015 году гэта новая рэгіянальная міжнародная арганізацыя стане рэальнасьцю. З гэтай даты ранейшая эўразійская арганізацыя будзе ператворана ў гэты саюз».

У Маскве разьлічваюць падаць на подпіс прэзыдэнтам краінаў Мытнага саюзу дамову пра стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу ў першым квартале 2014 году. Яна мае быць падпісаная да 1 траўня 2014 году. Эўразійскі эканамічны саюз Расеі, Казахстана й Беларусі плянуюць сфарміраваць да 1 студзеня 2015 году.

Паводле расейскага экспэрта Аркадзя Дубнова, пад выглядам новай арганізацыі хочуць стварыць жорсткую структуру эканамічнага саюзу з абавязковымі для выкананьня рашэньнямі, якія прымаюцца на ўзроўні Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Заходнія экспэрты перакананыя, што мара Ўладзімера Пуціна пра Эўразійскі саюз нежыцьцяздольная і знаходзіцца на апошнім дыханьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG