Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект Беларускай АЭС сёньня прадставілі ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене.

Пра гэта паведаміла прэсавая служба МЗС Беларусі. Праект будоўлі Беларускай АЭС у штаб-кватэры МАГАТЭ прэзэнтаваў начальнік упраўленьня эканамічнага супрацоўніцтва і ўстойлівага разьвіцьця галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Юры Ярашэвіч.

«У сваім выступе ён падкрэсьліў, што рэалізацыя гэтага праекту дасьць магчымасьць значна ўзмацніць пазыцыі Беларусі ў кантэксьце энэргетычнай бясьпекі, павысіць канкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі, зьнізіць выкіды парніковага газу ў атмасфэру», — паведамляе МЗС.

Незалежны адмысловец Юры Варонежцаў зьдзіўляецца, чаму за мяжой прадстаўляюць праект, якога дагэтуль ніхто зь беларускай грамадзкасьці ня бачыў:

Юры Варонежцаў

Юры Варонежцаў

«У Беларусі гэты праект яшчэ ніхто не прэзэнтаваў, ніхто не патлумачыў, як будзе выглядаць станцыя, якой будзе яе сыстэма бясьпекі, дзе будуць складаць ядзерныя адкіды. З досьведу я ведаю, што нікуды іх ня будуць вывозіць, іх будуць вытрымліваць у вялікіх рэзэрвуарах з вадой ад 3 да 8 гадоў, гэта якраз тое, што выбухнула на Фукусіме. Але дзе будуць гэтыя рэзэрвуары, ніхто так і не сказаў нам. І такіх пытаньняў сотні».

Для літоўцаў беларускія ўлады спрабавалі правесьці нейкія слуханьні ў Астраўцы, а вось для беларусаў — нават такіх не правялі, кажа спадар Варонежцаў.

«Я спадзяюся, што проста ў Расеі фізычна нам ня змогуць зрабіць рэактар у плянаваны тэрмін, і што да 2020 ці 2022 году АЭС не запрацуе».

Юры Варонежцаў ня лічыць МАГАТЭ арганізацыяй, якая б магла аб’ектыўна ацаніць АЭС у Астраўцы:

«МАГАТЭ — арганізацыя, якая зацікаўленая ў разьвіцьці атамнай энэргетыкі. Ёй я не давяраю, зыходзячы са свайго досьведу».

Спадар Варонежцаў перакананы, што трэба дамагацца, каб улады патлумачылі ўсё пра АЭС найперш беларусам, і ў першую чаргу — якой будзе бясьпека станцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG