Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая ініцыятыва па ўвядзеньні 100-даляравай пошліны на выезд зь Беларусі ўсхвалявала як экспэртаў, так і простых грамадзянаў.

Эканамісты даводзяць, што такім чынам беларускае кіраўніцтва спрабуе закрыць дзікі ў бюджэце, і гадае, які мэханізм прыдумаюць чыноўнікі, каб спагнаць названую прэзыдэнтам суму. А пад пэтыцыяй супраць новай пошліны на сайце change.org ужо стаяць подпісы больш як 15 тысяч чалавек.

Усе сыходзяцца ў адным: калі чыноўнікам захочацца «браць па 100 даляраў» з носа — нішто ім не перашкодзіць. Выказваюцца думкі, што айчыннаму вытворцу падобныя ініцыятывы ўжо не дапамогуць, але ў той жа час яны ставяць крыж на неабходных рэформах і падрываюць імідж Беларусі як «сацыяльнай дзяржавы».

6 верасьня, наведваючы менскае «Мотавела», Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Я даўно даручыў, амаль да таго, што выяжджаеш за межы, ня важна па што, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 даляраў з носа плаці і выяжджай за мяжу». Мала хто зьвяртае ўвагу на гэтае «даўно даручыў», якое беларускія чыноўнікі, відаць, праінтэрпрэтавалі як папрок. Літаральна на наступны дзень мэр Менску Мікалай Ладуцька паведаміў, што 100 даляраў будуць спаганяцца як «падатак на грамадзкі транспарт». А віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч пацьвердзіў, што праца па ўвядзеньні такой пошліны ідзе, аднак яна ня будзе датычыць турыстаў.

Некаторыя экспэрты меркавалі, што стрымліваць ініцыятывы беларускага кіраўніцтва будуць абавязаньні, узятыя на сябе нашай краінай пры ўступленьні ў Мытны зьвяз. Маўляў, такога кшталту зьмены трэба ўзгадняць зь іншымі сябрамі. Аднак памочнік міністра гандлю Эўраазійскай эканамічнай камісіі Юры Арэнт паведаміў Радыё Свабода, што такія ініцыятывы знаходзяцца ў кампэтэнцыі нацыянальнага заканадаўства. Такім чынам, беларускім уладам нішто не перашкаджае прымусіць сваіх грамадзянаў аддаваць па 100 даляраў, пакідаючы радзіму.

Пакуль ніхто ня ведае, які канкрэтна мэханізм будзе прыдуманы і ў кішэню якога міністэрства пойдзе прыбытак. Рэдактарка выданьня «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік бачыць тры найбольш відавочныя спосабы:

«Можна адсочваць на мяжы, колькі разоў чалавек езьдзіць. Напрыклад, скажуць, адзін выезд на месяц. А калі часьцей — плаці сто даляраў.

Другі мэханізм: адсочваць шоп-туры. Гэта празрыстая сыстэма, якую прапануюць турфірмы.
Хоць гэта і прамое парушэньне Канстытуцыі, але ня думаю, што гэта вельмі зьдзівіць беларусаў

І трэцяе: увядуць ізноў практыку штампаў на выезд. Хоць гэта і прамое парушэньне Канстытуцыі, але ня думаю, што гэта вельмі зьдзівіць беларусаў, якія прызвычаіліся да шмат якіх заканадаўчых цудаў».

Аляксандар Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі апраўдваюць свае навацыі дбаньнем пра айчыннага вытворцу. Маўляў «3 млрд даляраў грошай вывезьлі туды (у ЭЗ. — рэд.), у іх разьвіваецца гандаль, вытворчасьць, а мы тут цялёпкаемся як дурні», — кажа беларускі прэзыдэнт.

«Гэта рыторыка, вы пра гэта забудзьце, — кажа эканаміст Ірына Тачыцкая. — Галоўная прычына — трэба закрыць дзірку ў бюджэце».

Закрываць сапраўды ёсьць што. У ліпені сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі ізноў адмоўнае (мінус 126,3 млн даляраў). Да таго ж Міністэрства фінансаў недалічылася 300 мільёнаў даляраў супраць пляну па даходах бюджэту за першае паўгодзьдзе. Дый золатавалютныя запасы зьнізіліся на 215 мільёнаў даляраў за жнівень.

Шляхам простай арытмэтыкі, кажа эканаміст Андрэй Елісееў, бюджэт у галовах беларускіх чыноўнікаў папаўняецца на мільярды даляраў:

«Калі тэарэтычна ўвесьці такую пошліну, то гэта астранамічная сума можа назьбірацца. Толькі на беларуска-польскай мяжы 4–5 мільёнаў разоў беларусы езьдзілі туды-сюды. Гэта мільярды даляраў пойдуць у бюджэт», — тлумачыць ён.

Але гэтая ж ініцыятыва перакрэсьлівае магчымасьць арганізацыі эфэктыўнага малога памежнага руху паміж Беларусьсю, Польшчай і Літвой, — папярэджвае экспэрт.

Айчыннаму ж вытворцу такая мера ніяк не дапаможа. «Мне як спажыўцу ўсё адно — замежнае гэта ці айчыннае. Калі вы хочаце падвышаць даходы, падвышаюцца патрабаваньні да якасьці. Можна ўвесьці шалёную пошліну. Але калі чалавек перайшоў у сэгмэнт, дзе для яго важная якасьць, то ўсё адно ён лепш купіць адзін тэлевізар у дом, але якасны. І праблема, якую трэба вырашаць, — гэта падвышэньне якасьці прадукцыі», — кажа Ірына Тачыцкая.

На думку Тачыцкай, немагчыма прымусіць беларуса, які не купляе тэлевізар «Гарызонт» ці абутак «Марка», зрабіць гэта, паставіўшы перад ім плянку 100 даляраў.
Я вам гарантую, гэтыя грошы пойдуць у Расею. Усё адно ня купяць „Гарызонт“, купяць „Філіпс“ расейскай зборкі

«Я вам гарантую, гэтыя грошы пойдуць у Расею, — кажа яна. — Усё адно ня купяць „Гарызонт“, купяць „Філіпс“ расейскай зборкі».

Лілія Кобзік сьцьвярджае, што ініцыятывы чыноўнікаў падрываюць важны для ўладаў імідж Беларусі як сацыяльнай дзяржавы:

«Гэта замах на сацыяльна не забясьпечаныя слаі насельніцтва. Мы можам казаць пра тое, што гэта замах на людзей, якія менш забясьпечаныя. Заможнаму чалавеку, які ў нас кожны тыдзень выяжджае за мяжу, на багатай машыне, сто даляраў заплаціць нічога ня варта. Павялічваецца розьніца паміж багатымі і беднымі. Гэта ўжо іншая дзяржава. Куды мы ідзем?»

Але ўсе экспэрты сыходзяцца ў адным: пратэставаць беларусы ня будуць. Тысячныя подпісы пад інтэрнэт-пэтыцыямі нічога не дадуць.

«Як заўсёды, прыцерпяцца: ці плаціць будуць, ці шукаць шляхі, як абыйсьці. Праз Расею будуць езьдзіць у Эўразьвяз», — кажа юрыст Сяргей Балыкін.

«Наадварот, калі ідзе нейкі грамадзкі ўздым, дзяржава ня хоча рэагаваць на яго. Ня хоча рабіць прэцэдэнтаў, што грамадзкая думка можа на нешта паўплываць. Плёну з гэтага ня будзе», — падсумоўвае Лілія Кобзік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG