Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: Праз кнігу Навумчыка многіх людзей я для сябе адкрыў


«Дзевяноста першы» — новая кніга «Бібліятэкі Свабоды». Яе аўтар — супрацоўнік нашага радыё, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Сяргей Навумчык — быў непасрэдным удзельнікам падзеяў лёсавызначальнага 1991-га. На падставе захаваных дакумэнтаў ён распавядае, як, кім і пры якіх абставінах была здабытая незалежнасьць Беларусі.

Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін: «Зь вялікай цікавасьцю і ўвагай пазнаёміўся я з кнігай Сяргея Навумчыка. Гэта, па-мойму, прыкметная зьява ня толькі ў нашай публіцыстыцы, а і ў палітычным жыцьці. Бо гаворка ідзе пра вельмі важны пэрыяд барацьбы за незалежнасьць нашай рэспублікі, барацьбы прынцыпаў, характараў, ідэй. Добра, што Сяргей робіць гэта на падставе дакумэнтаў. І можна нават сказаць, што гэтая кніжка дакумэнтальная. Факты, пратаколы, стэнаграмы пасяджэньняў Вярхоўнага Савету — усё гэта дае вялікі грунт для тых высноў, якія Сяргей Навумчык робіць, калі ўспамінае тыя няпростыя, вельмі няпростыя для Беларусі дні.

Для мяне гэтая кніга асаблівую цікавасьць мела яшчэ і таму, што ў тыя часы, у тыя дні я быў далёка ад Беларусі, быў у Нью-Ёрку, працаваў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і, бясспрэчна, сачыў, як толькі мог і колькі мог, за тым, што робіцца на радзіме, але многіх рэчаў, для мяне вельмі важных, я проста ня ведаў і ня мог ведаць. І вось цяпер тыя дні і людзей тых дзён многіх я для сябе, можна нават так сьмела сказаць, адкрыў. За што я вельмі ўдзячны Сяргею Навумчыку.

Мне здаецца, што гэтую кніжку павінны вельмі многія ў нас прачытаць. Таму што час ідзе, нешта забываецца, а потым, як мне здаецца, зьяўляюцца тыя мэмуарысты, якія ўсё помняць, што добрае зьвязана зь імі самімі, і забываюць тое, што, можа, ня надта добрае было зь імі, або вось гэтае ня надта добрае хочуць перакласьці на чужую адказнасьць, на чужыя плечы. Ва ўсякім разе, у тых кнігах, якія я прачытаў пра той час, у мяне такое адчуваньне было. Таму тое, што Сяргей дае дакумэнты, тое, што Сяргей дае атмасфэру таго часу, — мне здаецца, гэта вельмі важна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG