Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ініцыююць раённы рэфэрэндум


Жыхары Першамайскага раёну Менску распачынаюць падрыхтоўку да правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму. Яны пратэстуюць супраць таго, як забудоўваецца іх раён.

Пра гэта грамадзкія актывісты паведамілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, арганізаванай з дапамогай сяброў «Эўрапэрспэктывы».

Жыхары Першамайскага раёну заяўляюць, што на гэтай тэрыторыі мясцовыя і гарадзкія ўлады стварылі глебу для пяці буйных канфліктаў зь людзьмі: ушчыльненьне жыльлёвай забудовы з высечкай дрэваў у мікрараёнах Ўручча-2, Вайсковы гарадок, у завулку Калініна, у Зялёным Лузе, знос аўтавакзалу «Маскоўскі». Жыхарам мікрараёну Ўручча-2 ужо істотна пагоршылі ўмовы пражываньня, кажа грамадзкая актывістка Валянціна Малюціна:

Валянціна Малюціна

Валянціна Малюціна

«Жыльлёвыя ўмовы вельмі пагоршыліся: старыя, якія хадзілі ў сквэр, дзе цяпер стаяць дамы для міліцыі і АМАПу, цяпер ідуць на прыпынак тралейбуса і там адпачываюць, бо іншага месца няма. Груба, па-барбарску зьнішчылі працу жыхароў, якія ўпарадкавалі гэтае месца, стваралі зялёную зону, а пасьля прапаноўваюць людзям выйсьці на суботнік. У нарматывах прапісана, што жыхары маюць права ўплываць на рашэньні, а насамрэч — ніколі ні адміністрацыя раёну, ні Менгарвыканкам ня ўлічвалі думкі жыхароў. І я лічу, што менавіта ў гэтым карані вось гэтай сацыяльнай напругі, калі людзі незадаволеныя, калі скардзяцца, ломяць будаўнічыя рыштаваньні. Што далей будзе — невядома, бо ўжо многія кажуць, што на сілу трэба адказваць сілай, бо насамрэч захоп тэрыторыі ідзе сілавы».

Ініцыятары раённага рэфэрэндуму заяўляюць, што спрэчныя пытаньні зь мясцовымі і гарадзкімі ўладамі яны безвынікова спрабуюць вырашыць цягам некалькіх гадоў. На падставе шматлікіх пісьмовых адказаў з уладных структураў яны сьцьвярджаюць, што высокапастаўленыя чыноўнікі Менгарвыканкаму парушаюць правы грамадзян, не зважаючы на дзейнае заканадаўства і Канстытуцыю краіны. Гаворыць жыхарка завулку Калініна Маргарыта Павяльчук:

Маргарыта Павяльчук

Маргарыта Павяльчук

«У нас таксама адбіраюць прыдамавыя тэрыторыі і аддаюць пад будоўлю элітных дамоў для вельмі багатых. Мы адправілі ў розныя інстанцыі, пачынаючы ад адміністрацыі Першамайскага раёну і да адміністрацыі прэзыдэнта і Генэральнай пракуратуры, вельмі шмат зваротаў, падпісаных пяцьцю сотнямі жыхароў, але не атрымалі ніводнага аргумэнтаванага адказу. Гэта ўсё стварае вельмі моцную сацыяльную напружанасьць у грамадзтве».

Грамадзкія актывісты таксама зьняпраўджваюць заяву старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, зробленую напярэдадні, — нібыта супраць ушчыльненай забудовы пратэстуюць некалькі дзясяткаў чалавек. Насамрэч пратэстоўцаў зь ліку жыхароў сотні і нават тысячы, а іх сапраўднае стаўленьне да ініцыятываў Менгарвыканкаму найлепш выявіць мясцовы рэфэрэндум, кажа жыхар мікрараёну Вайсковы гарадок Вячаслаў Піліпук:

Вячаслаў Піліпук

Вячаслаў Піліпук

«У адміністрацыі ёсьць сваё бачаньне разьвіцьця Першамайскага раёну праз ушчыльненую забудову. У жыхароў мікрараёну сваё бачаньне — праз пашырэньне межаў раёну. Але мы таксама бачым поўнае ігнараваньне ўладамі меркаваньняў грамадзян. Мы таксама ведаем, што грамадзяне маюць канстытуцыйнае права на правядзеньне рэфэрэндуму. Я размаўляў са шматлікімі грамадзянамі нашага мікрараёну, і ўсе яны выказваюцца за правядзеньне такога мясцовага рэфэрэндуму ў Першамайскім раёне».

Тэхнічную частку ў справе арганізацыі рэфэрэндуму ў Першамайскім раёне Менску ўзялі на сябе актывісты «Эўрапэрспэктывы». Адзін з актывістаў, Дзяніс Кобрусеў, кажа, што яны гатовыя распачынаць працу ўжо сёньня:

Дзяніс Кобрусеў

Дзяніс Кобрусеў

«Для фармаваньня ініцыятыўнай групы на раённы рэфэрэндум неабходна дваццаць чалавек. Гэтыя людзі ўжо ёсьць, і можна праводзіць сход хоць заўтра. Але мы ня будзем гэтага рабіць. Распачнём інфармацыйную кампанію, сустрэчы з насельніцтвам, каб гэтая група сталася як мага большаю. І толькі напрыканцы восені правядзём сход ініцыятыўнай групы».

Паводле Віктара Янчурэвіча, «Эўрапэрспэктыва» ўжо спрабавала дапамагчы грамадзянам арганізаваць рэфэрэндум у абарону Севастопальскага парку. Тады адміністрацыя Першамайскага раёну Менску незаконна адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Гэтым разам грамадзкія актывісты маюць намер рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на рэфэрэндум, нават калі дзеля гэтага давядзецца зьвяртацца ў суд.
XS
SM
MD
LG