Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста першы» — так называецца новая кніга «Бібліятэкі Свабоды». Яе аўтар — супрацоўнік нашага радыё, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Сяргей Навумчык — быў непасрэдным удзельнікам падзеяў лёсавызначальнага 1991-га. На падставе захаваных дакумэнтаў ён распавядае, як, кім і пры якіх абставінах была здабытая незалежнасьць Беларусі.

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў: «У 2006-м пабачыла сьвет вельмі патрэбная і важная кніга Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)». Яна нагадвала пра зусім, здавалася б, нядаўнія падзеі, якія шмат хто, тым ня менш, пачынаў ужо забываць, для новага ж пакаленьня яны былі проста невядомыя. Іх практычна ня згадвалі і ня згадваюць падручнікі гісторыі, а дзяржаўныя СМІ, калі і зьвяртаюцца да таго часу, падаюць усё ў крывым люстэрку праўладнай прапаганды, паводле якой найноўшая гісторыя Беларусі павінна пачынацца з 1994 году.

Сярод фатаздымкаў таго выданьня мяне найглыбей уразіў вагон з закратаванымі вокнамі. Восем такіх вагонаў у дні праімпэрскага жнівеньскага путчу 1991 г. прыгналі на менскую станцыю Радыятарная. Хто ведае, колькі такіх вагонаў стаяла на іншых беларускіх станцыях? За тымі кратамі хацелі схаваць лепшых людзей краіны і вывезьці звыклым маршрутам — у Сыбір, а можа, і бліжэй, у нейкія новыя Курапаты, — саму ідэю нашай незалежнасьці.

Не атрымалася. Празь лічаныя дні на мапе сьвету зьявілася сувэрэнная Рэспубліка Беларусь. Мне і, вядома, многім суайчыньнікам хацелася, каб пра тыя лёсавызначальныя для краіны дні было сказана больш дэталёва, доказна, дакумэнтальна. Я быў сярод тых, хто натхняў Сяргея на працяг, а менавіта на кнігу пра той год — год Незалежнасьці. Урэшце Навумчык напісаў гэтую кнігу, а мне пашчасьціла быць яе рэдактарам.

«Дзевяноста першы» мае шмат вартасьцяў. Паспрабую назваць галоўныя.

Кніга напісаная беспасярэднім удзельнікам падзеяў, які знаходзіўся ў іхнім віры — тым самым «маладым бээнэфаўцам», што, як выказалася на першым паседжаньні ў Авальнай залі адна дэпутатка-камуністка, хацеў нешта даказаць сваёй барадой.

Асабістыя ўражаньні мэмуарыста спалучаныя ў кнізе з грунтоўным дакумэнтальным дасьледаваньнем.

Чытач «Дзевяноста першага» знойдзе ня толькі дакладную хроніку падзеяў, але і своеасаблівыя партрэты або штрыхі да партрэтаў ключавых палітычных постацяў таго часу — Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазьняка, Вячаслава Кебіча... Некаторыя зьвесткі (да прыкладу, супрацоўніцтва Кебіча з савецкай выведкай) гучаць проста сэнсацыйна.

Гэты важкі том — найлепшы адказ як тым, хто лічыць, нібыта незалежнасьць звалілася на беларусаў зь неба, так і тым, хто мяркуе, быццам нацыянальна-дэмакратычныя сілы на чале з БНФ у нашай найноўшай гісторыі пацярпелі паразу. Насамрэч яны ў неверагодна складаных умовах дасягнулі галоўнай мэты — краіна атрымала незалежнасьць.

У выніку ў нацыі застаецца гістарычная пэрспэктыва, у якой, я спадзяюся, дзень майго нараджэньня станецца дзяржаўным сьвятам, бо якраз у гэты дзень, 25 жніўня 1991 году, Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі быў нададзены канстытуцыйны статус, да чаго актыўна прычыніўся і герой нашай прэзэнтацыі.

Дзякуй табе, Сяргей, і за гэта, і за кнігу, якая абавязкова будзе перавыдадзена
вялікім накладам у той Беларусі, пра якую мы марым».

Прэзэнтацыя новай кнігі адбудзецца 16 верасьня на сядзібе БНФ у Менску (вуліца Чарнышэўскага,3) а 18-й.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG