Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасноў застаецца ў вар’ятні


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу Ігара Паснова

Вынік разгляду касацыйнай скаргі Ігара Паснова, ня згоднага з рашэньнем суду Віцебскага раёну пра прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, адмоўны. Разгляд скаргі адбыўся 12 жніўня, але ён быў закрыты: у судовую залю дапусьцілі толькі прадстаўнікоў псыхіятрычнага шпіталя, дзе трымаюць Ігара Паснова.

У прыёмнай Віцебскага абласнога суду паведамілі вынік разбору скаргі Ігара Паснова на рашэньне судзьдзі Віцебскага раённага суду Тацяны Дзегцяровай адным сказам:

«Рашэньне раённага суду пакінута бязь зьменаў, мы пакінулі яго бязь зьменаў».

На разгляд касацыйнай скаргі не пусьцілі ні журналістаў, ні праваабаронцаў. Судовае пасяджэньне зноў прайшло без адваката Ігара Паснова, якога на разгляд не дапусьцілі таксама, кажа віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік:

Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

«На разгляд скаргі не пусьцілі ні праваабаронцаў, ні законнага прадстаўніка Паснова, ні ягонага адваката. Гэта ўжо другі адвакат, які толькі пачаў працаваць. Бо першы, што пісаў касацыйную скаргу, цяпер у адпачынку. Суд не дапусьціў адваката ў працэс, бо ў яго не было даверанасьці ад Паснова. Разгляд скаргі быў прызначаны тэрмінова, і арганізацыйна Паснову ніхто не пасьпеў дапамагчы. Яго самога таксама не прывезьлі ў суд. Былі толькі прадстаўнікі шпіталя, які тлумачылі суду, у чым справа».

Невядома, што казалі судзьдзям прадстаўнікі абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі — Натальля Васільева, загадчыца аддзяленьня, дзе трымаюць Паснова, і Ігар Сьвіркуноў, намесьнік галоўнага лекара. У суд першай інстанцыі, які санкцыянаваў для яго прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, Паснова не прывозілі таксама. І гэта — адно з парушэньняў ягоных правоў, якое фігуруе ў касацыйнай скарзе. Другое істотнае парушэньне — гэта прымусовы агляд, які праводзілі калегі Паснова — той да апошняга часу працаваў у псыхіятрычным шпіталі псыхатэрапэўтам. Ініцыявала яго зьмяшчэньне ў псыхбальніцу ў якасьці пацыента ягонае непасрэднае кіраўніцтва — галоўны лекар шпіталя Алена Мартынава.

Адпаведна, ніякае гаворкі ня можа быць пра тое, што і суд першай інстанцыі, і абласны суд разглядалі справу Паснова аб’ектыўна, лічыць палітык Сяргей Рыжоў, давераная асоба Ігара Паснова.

Яшчэ ўчора ўдзень яму казалі, што матэрыялы справы Ігара Паснова ў абласны суд не паступалі. А ўвечары стала вядома, што разгляд прызначаны на сёньня. З матэрыяламі справы яму як даверанай асобе пазнаёміцца так і не далі, кажа спадар Рыжоў:

Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

«Учора мне сказалі, што ёсьць вуснае распараджэньне намесьніка старшыні Віцебскага абласнога суду не знаёміць Рыжова з матэрыяламі справы. Сёньня я падаў пісьмовую заяву на імя намесьніка абласнога суду, але мяне не пусьцілі, проста кажучы. Мы назіраем, што тыя, хто незаконна зьмясьціў Ігара Паснова на прымусовае лячэньне, ствараюць нам усе магчымыя перашкоды».

Сяргей Рыжоў лічыць, што сытуацыю ў абласным судзе ўскладнілі штучна: адвакат, які адпачатку працаваў з Пасновым, ня быў папярэджаны пра разгляд скаргі, прызначаны на працягу некалькіх гадзінаў. Другі адвакат, зь якім давялося заключаць дамову сёньня ранкам, проста фізычна не пасьпяваў атрымаць даверанасьць ад свайго падабароннага, які знаходзіцца ў шпіталі за межамі гораду.

13 верасьня Сяргей Рыжоў усё ж мяркуе трапіць на прыём да намесьніка галоўнага лекара шпіталя Ігара Сьвіркунова. Ён хоча дамагчыся дазволу на азнаямленьне з гісторыяй хваробы і даведацца пра цяперашні стан Ігара Паснова.

Падчас апошняй сустрэчы той скардзіўся Рыжову, што пасьля прымусовага ўжываньня прэпаратаў-нэўралептыкаў адчувае сябе ўсё горш. Добраахвотна прымаць іх Пасноў адмаўляецца, і яму робяць іньекцыі і змушаюць глытаць лекі гвалтам. Гэта Рыжоў расцэньвае як катаваньні і прыніжэньне чалавечай годнасьці. Ігар Пасноў і Сяргей Рыжоў падалі некалькі скаргаў у пракуратуру ды іншыя інстанцыі.

Віцебскага лекара Ігара Паснова 16 жніўня проста з працы забралі ў другое закрытае аддзяленьне Віцебскага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі. З санкцыі пракурора ён быў накіраваны на прымусовае абсьледаваньне псыхічнага стану. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, дзе Пасноў зноў скрытыкаваў недасканалую працу і кепскі стан мэдычных установаў Віцебшчыны і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.

21 верасьня ў ягоную адсутнасьць, без удзелу ў працэсе адваката ды іншых прадстаўнікоў судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацяна Дзегцярова санкцыянавала для Паснова прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Яго распачалі адразу, не чакаючы, пакуль судовае рашэньне ўступіць у законную сілу.

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Паснова. Яны патрабуюць перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зьвярнуўся ў Эўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, якога за крытыку беларускіх уладаў прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ня мае сумневу, што «прысуд палітычна матываваны» і што гэта «чарговая спроба зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі». У сувязі з гэтым дэпутат заклікае зрабіць на міжнародным форуме ўсе магчымыя крокі, каб абараніць беларускіх лекараў, а таксама прыняць меры ў гэтай канкрэтнай справе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG