Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію зь віцэ-канцлерам: Расізм ці свабода прэсы?


Філіп Рэсьлер
Філіп Рэсьлер

Учора, 11 верасьня, бэрлінская газэта Die Tageszeitung апублікавала асаблівае інтэрвію зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Філіпам Рэсьлерам (Phillip Rösler), у якім былі надрукаваныя толькі пытаньні, а замест адказаў Рэсьлера стаялі прагалы. Прэс-служба віцэ-канцлера не пагадзілася на публікацыю праведзенага журналістамі Die Tageszeitung інтэрвію.

Паводле тыднёвіка Stern, канфлікт паміж газэтай і прэс-службай узьнік праз тое, што Рэсьлеру, немцу віетнамскага паходжаньня, журналісты задавалі пытаньні пра яго «ненямецкія карані», «азіяцкі выгляд» ды рэакцыі немцаў на яго паходжаньне і выгляд.

Паводле аднаго з двух журналістаў, якія размаўлялі з Рэсьлерам, палітык больш чым 20 хвілін цярпліва адказваў на гэтыя пытаньні і ні разу не папрасіў зьмяніць тэму, аднак потым адклікаў інтэрвію.

Бакі абвінавацілі адзін аднаго ў «парушэньні правілаў гульні». Die Tageszeitung патлумачыла, што яе карэспандэнты «выконвалі нармальную журналісцкую працу» і не зьбіраліся распальваць варожасьць на нацыянальнай глебе, а толькі хацелі спытаць пра яе Рэсьлера. Прэс-служба Свабоднай дэмакратычнай партыі Нямеччыны, на чале якой стаіць Рэсьлер, аргумэнтуе, што тэма размовы была заяўленая інакш, а ў апублікаваных пытаньнях былі да пэўнай ступені зьмешчаныя акцэнты.

Die Tageszeitung, паводле свайго тлумачэньня, апублікавала гэтае інтэрвію без адказаў, каб такім чынам выказаць пратэст супраць практыкі аўтарызацыі інтэрвію палітыкамі перад публікацыяй.

Паводле Stern, аднак, гэтая «асьветніцкая акцыя супраць распаўсюджанай практыкі візаваньня інтэрвію з палітыкамі» правалілася. Немцы ў сацыяльных сетках пачалі выказваць абурэньне «расісцкімі» пытаньнямі журналістаў. Тыднёвік прыводзіць дзьве тыповыя рэакцыі на інтэрвію з Рэсьлерам: 1) «17 пытаньняў пра паходжаньне Рэсьлера! Нечувана!»; 2) «Што гэта за пытаньні? Кожнае наступнае больш расісцкае за папярэдняе!» Матэрыял тыднёвіка Stern пра гэты выпадак азагалоўлены: «Хто тут расіст?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG