Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі суд разглядае касацыйную скаргу лекара Ігара Паснова. Самаго Паснова з псыхіятрычнай лякарні ў суд не прывезьлі.

Працэс абвешчаны закрытым.

На суд не пусьцілі адваката. Гэта ўжо другі адвакат Паснова. Той, які працаваў зь ім раней, пайшоў у адпачынак, а ў новага адваката, на думку судзьдзяў, не хапала для ўдзелу ў працэсе даверанасьці ад імя Паснова.

У залі пасяджэньня засталіся толькі прадстаўнікі Абласнога цэнтра псыхіятрыі і наркалёгіі, дзе зараз утрымліваецца Пасноў. Іх двое: загадчыца аддзяленьня, дзе ляжыць Пасноў, Натальля Васільева, і намесьнік галоўнага ўрача Ігар Сьвіркуноў.

Журналістаў таксама не пусьцілі.

Пра рашэньне суду Паснову павінныя сказаць цягам 5 дзён.


Справа Паснова


16 жніўня Ігара Паснова проста з працы забралі ў другое закрытае аддзяленьне Віцебскага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі. З санкцыі пракурора ён быў накіраваны на прымусовае абсьледаваньне псыхічнага стану. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, дзе віцебскі лекар зноў скрытыкаваў недасканалую працу і кепскі стан мэдычных установаў Віцебшчыны і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.

21 жніўня ў яго адсутнасьць, без удзелу ў працэсе адваката ці іншых прадстаўнікоў судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацяна Дзегцярова санкцыянавала для Ігара Паснова прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Лячыць пачалі адразу, не чакаючы, пакуль судовае рашэньне ўступіць у законную сілу.

Ігар Пасноў цьвердзіць, што ад лекаў яму робіцца ўсё горш. Ён ня раз, як у вуснай, так і ў пісьмовай форме, адмаўляўся прымаць прапісаныя прэпараты.

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Паснова. Яны патрабуюць, каб рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі было перагледжана ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зьвярнуўся ў Эўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, які за крытыку беларускіх уладаў быў прымусова зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG