Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коган хоча набыць у Керымава «Уралкалій»


Уладзімер Пуцін і Уладзімер Коган

Уладзімер Пуцін і Уладзімер Коган

Былы банкір і кіраўнік Дзяржбуда Ўладзімер Коган найбольш блізкі да набыцьця долі Сулеймана Керымава ва «Ўралкаліі».

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс. Коган дамаўляецца аб крэдыце Ашчадбанка для фінансаваньня зьдзелкі.

«Гэтую інфармацыю мы не камэнтуем», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік кампаніі «Нафта Масква» Сулеймана Керымава Антон Аверын.

«Інфармацыя, якая была апублікавана раней Аляксандрам Дабравінскім у яго блогу, што Керымаў прадаў „Уралкалій“, не адпавядае сапраўднасьці», — дадаў Аверын.

Раней расейскі «Коммерсант» паведамляў, што Керымаў хоча атрымаць за 21,75% «Уралкалія» $ 4,5 млрд. (бягучы рынкавы кошт пакета — каля $ 3,6 млрд).

Сярод тых, хто прэтэндуе на акцыі Керымава ва «Ўралкаліі» называліся бізнэсмэн Аркадзь Ратэнбэрг, асноўны ўладальнік АФК «Сыстэма» Уладзімер Еўтушэнкаў ў партнэрстве з кіраўніком «Русснефть» Міхаілам Гуцэрыевым, «Нарыльскі нікель» (альбо «Інтэррос» яго асноўнага ўладальніка Ўладзімера Патаніна, які ў 2010 годзе прэтэндаваў на набыцьцё «Уралкалія» ў Дзьмітрыя Рыбалоўлева, але прайграў барацьбу Керымаву) і адзін з акцыянэраў «Уралкалія» Філарэт Гальчаў.

Ротэнбэрг, Еўтушэнкаў, прадстаўнікі Гуцэрыева і «Нарнікеля» абверглі факт перамоваў.

Раней кіраўнік маскоўскай калегіі адвакатаў «Аляксандар Дабравінскі і партнэры» Аляксандар Дабравінскі ў Facebook паведаміў, што Керымаў 6 верасьня прадаў буйны пакет акцый кампаніі невядомаму банкіру з Санкт — Пецярбурга і выказаў меркаваньне, што гаворка ідзе пра Ўладзімера Когана.

Сьледчы камітэт Беларусі 2 верасьня вынес пастанову аб аб’яўленьні Сулеймана Керымава ў вышук, у тым ліку па лініі Інтэрполу, па «калійнай справе». У той жа дзень Інтэрпол абвясьціў расейскага сэнатара ў вышук.

Генэральны сакратарыят Інтэрпола абверг заявы афіцыйнага Менску пра тое, што расейскі сэнатар і бізнэсовец Сулейман Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.

Паводле крыніцаў «Свабоды», Сулейман Керымаў дагэтуль не затрыманы.
XS
SM
MD
LG