Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коммерсант»: Сечын не гаварыў з Лукашэнкам пра Баўмгертнэра


Ігар Сечын

Ігар Сечын

На тле канфліткту паміж Беларусьсю і Расеяй вакол «Уралкалія» прэзыдэнт «Роснефти» Ігар Сечын хоча дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб перавесьці на сябе ўсе прыбытковыя кантракты зь Беларсусьсю, піша «Коммерсант».

Ён гатовы стаць нефармальным куратарам эканамічных сувязяў дзьвюх краін, напрыклад, плянаў расейскіх інвэстараў па набыцьці беларускіх прадпрыемстваў.

Пакуль некаторыя расейскія топ-мэнэджэры асьцерагаюцца езьдзіць у Беларусь на фоне арышту кіраўніка «Уралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра, Ігар Сечын выкарыстоўвае сытуацыю на сваю карысьць. 11 верасьня ён у Менску сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком «Белнафтахіма» Ігарам Жыліным.

Лукашэнка зараз «разьлічвае, што ўдасца дамовіцца аб забесьпячэньні паставак нафты ў краіну ў неабходных аб’ёмах». Ігара Сечына ён запэўніў, што Менску «выгада ад працы з вамі відавочная». Сечын таксама перакананы, што праблемы вырашаныя. Ён расказаў Лукашэнку, што ўрад, прэзыдэнт і Мінэнэрга Расеі «дапамаглі захаваць аб’ёмы паставак нафты» Менску.

Сытуацыя са скарачэньнем паставак нафты павінна была абмяркоўвацца сёньня на сустрэчы віцэ-прэм’ераў Аркадзя Дварковіча і Ўладзімера Сямашкі. Аднак візыт Сечына памяняў тэрміны і сустрэча адкладзеная на нявызначаны тэрмін.

Каля двух тыдняў таму адбылася таксама сустрэча Ігара Сечына са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам, які займае пасаду памочніка прэзыдэнта. Спадар Сечын прапанаваў зрабіць «Роснефть»
адзіным пастаўшчыком нафты ў Беларусь і надзяліць яе статусам «спэцімпартэра». Аляксандру Лукашэнку гэтая ідэя спадабалася і з будучага года «Роснефть» можа стаць адзіным экспартэрам 23 млн т нафты.

Ігар Сечын плянуе стаць таксама нефармальным куратарам расейска-беларускага дзелавога супрацоўніцтва па шырокаму колу пытаньняў, уключаючы прыватызацыю буйных прадпрыемстваў, такіх як МАЗ, БелАЗ, «Гродна Азот» і іншых.

Канфлікт вакол «Уралкалія» і пагрозы ў адрас яго топ-мэнэджэраў, а таксама асноўнага ўладальніка Сулеймана Керымава спадара Сечына не спыняць — на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік «Роснефти» гэтае пытаньне нават не ўздымаў.
XS
SM
MD
LG