Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фюле: ціск з боку Расеі «непрымальны»


Эўракамісар Штэфан Фюле

Эўракамісар Штэфан Фюле

Эўракамісар Штэфан Фюле, адказны за палітыку эўрапейскага суседзтва, выступіў з крытыкай пазыцыі Расеі ў справе Ўсходняга партнэрства.

Выступаючы ў Страсбуры ў Эўрапарлямэнце, Фюле заявіў, што пагрозы Расеі ў дачыненьні да краінаў, зьвязаныя з магчымым падпісаньня пагадненьня аб асацыяваным сяброўстве з Эўразьвязам на саміце ў Вільні, зьяўляюцца «непрымальнымі». Гэта тычыцца ўсіх формаў ціску, у тым ліку магчымага злоўжываньня коштамі на энэргарэсурсы, штучных перашкодаў гандлю і пагрозаў адклікаць гарантыі бясьпекі альбо спыніць ваеннае супрацоўніцтва.

Эўракамісар Штэфан Фюле таксама сказаў, што ЭЗ будзе заахвочваць сваіх усходніх партнэраў шукаць больш цесныя адносіны з Расеяй, якія б былі сумяшчальныя з Пагадненьнем аб асацыяцыі.

«Усходняе партнэрства» — ініцыятыва ЭЗ, накіраваная на шэсьць краін Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу: Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. «Усходняе партнэрства» было заснаванае 27 краінамі-сябрамі ЭЗ і шасьцю партнэрскімі краінамі на саміце ў Празе 7 траўня 2009 году. Ініцыятыва нацэленая на ўмацаваньне адносін паміж Эўразьвязам і яго ўсходнімі суседзямі праз паглыбленьне палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.
XS
SM
MD
LG