Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 верасьня — разгляд касацыйнай скаргі ў справе Ігара Паснова


Дату разгляду прызначылі тэрмінова. Яшчэ ўчора ў Віцебскім абласным судзе казалі, што ў іх няма дакумэнтаў па справе Паснова, які спрабуе абскардзіць рашэньне Віцебскага раённага суду пра прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў віцебскі палітык Сяргей Рыжоў — давераная асоба Ігара Паснова.

Сяргей Рыжоў апавёў, што 10 верасьня тэлефанаваў у Віцебскі абласны суд, каб удакладніць дату разгляду касацыйнай скаргі, складзенай адвакатам Паснова. Паводле ягоных словаў, яму сказалі, што ўсе дакумэнты яшчэ знаходзяцца ў судзе Віцебскага раёну, дзе прымалася рашэньне аб прымусовым лячэньні.

11 верасьня ён пайшоў у гэты суд, каб на правах даверанай асобы пазнаёміцца з матэрыяламі справы. Аднак яму паведамілі, што яшчэ 6 верасьня дакумэнты былі накіраваныя ў абласны суд. Сяргей Рыжоў кажа, што напісаў скаргу на дзеяньні судзьдзяў, якія прыхоўваюць інфармацыю ў справе Паснова.

Калі ён зьявіўся ў абласны суд з той самай мэтай — пазнаёміцца з матэрыяламі справы, то яму ў гэтым адмовілі. Фармальная падстава тая, што ён ня быў удзельнікам працэсу ў судзе першай інстанцыі. Сяргей Рыжоў кажа, што мусіў напісаць яшчэ адну скаргу — пра тое, што давераная асоба мае права знаёміцца зь любымі дакумэнтамі ў любы час.

Ці будзе дастаўлены заўтра ў Віцебскі абласны суд сам Ігар Пасноў, пакуль невядома. Яму пачалі ўводзіць новыя прэпараты. Пра гэта таксама кажа Сяргей Рыжоў, спасылаючыся на словы лекара, які займаецца лячэньнем Паснова.

Сяргей Рыжоў накіраваў сёньня ў абласную пракуратуру скаргу, напісаную Пасновым пра акалічнасьці яго зьмяшчэньня ў шпіталь і прыніжэньне чалавечай годнасьці падчас прымусовага лекаваньня. Сам Рыжоў таксама накіраваў скаргу і некалькі яе копіяў у розныя інстанцыі. Ён піша пра тое, што ў дачыненьні да Паснова незаконна ўжываюцца катаваньні і гвалт, што ў шпіталі неаднаразова парушаліся і парушаюцца ягоныя правы, у тым ліку на незалежны судовы разгляд, на юрыдычную дапамогу, на атрыманьне інфармацыі і гэтак далей.

16 верасьня Ігара Паснова проста з працы забралі ў другое закрытае аддзяленьне Віцебскага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі. З санкцыі пракурора ён быў накіраваны на прымусовае абсьледаваньне псыхічнага стану. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, дзе віцебскі лекар зноў скрытыкаваў недасканалую працу і кепскі стан мэдычных установаў Віцебшчыны і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.

21 верасьня ў яго адсутнасьць, без удзелу ў працэсе адваката ці іншых прадстаўнікоў судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацяна Дзегцярова санкцыянавала для Ігара Паснова прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Лячыць пачалі адразу, не чакаючы, пакуль судовае рашэньне ўступіць у законную сілу.

Ігар Пасноў цьвердзіць, што ад лекаў яму робіцца ўсё горш. Ён ня раз, як у вуснай, так і ў пісьмовай форме, адмаўляўся прымаць прапісаныя прэпараты.

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Паснова. Яны патрабуюць, каб рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі было перагледжана ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зьвярнуўся ў Эўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, які за крытыку беларускіх уладаў быў прымусова зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ня мае сумневу, што «прысуд палітычна матываваны» і «зьяўляецца чарговай спробай зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі». У сувязі з гэтым дэпутат заклікае зрабіць на міжнародным форуме ўсе магчымыя крокі, каб абараніць беларускіх лекараў, а таксама прыняць меры ў гэтай канкрэтнай справе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG