Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі. Год пасьля «Дажынак»


Некаторыя вокны культурна-забаўляльнага цэнтру даўно ня мытыя і заплылі расталым белівам
Некаторыя вокны культурна-забаўляльнага цэнтру даўно ня мытыя і заплылі расталым белівам

У сталіцы леташніх «Дажынак», якія праходзілі на Магілёўшчыне ў райцэнтры Горкі, дагэтуль не запрацаваў моладзевы культурна-забаўляльны цэнтар.

Яго паказалі Аляксандру Лукашэнку ў дзень адкрыцьця «Дажынак». Празь месяц асноўны аб’ект фэстывалю ўжо рамантавалі. Цяпер ён застаецца амаль не запатрабаваным.

Летась 21 верасьня «Дажынкі» ў Горках урачыста адкрываў Аляксандар Лукашэнка са сцэны амфітэатру, часткай якога і служыць культурна-забаўляльны цэнтар. Гэты аб’ект адмыслова ўзьвялі да «Дажынак». Сьцьвярджалася, што амфітэатар — унікальнае збудаваньне. Напярэдадні адкрыцьця ў сюжэце тэлевізійнага каналу АНТ паведамлялася:

«Сёньня гэта глядзельная заля на дзьве з паловай тысячы месцаў — безь перабольшваньня славутасьць Горак. У моладзевым цэнтры ёсьць і дыска-клюб, і боўлінг. Амфітэатар — галоўная сцэна „Дажынак“ — і пасьля завяршэньня сьвята застанецца мясцовым культурным цэнтрам».
За год са сьцен амфітэатру месцамі паабвальваўся тынк
За год са сьцен амфітэатру месцамі паабвальваўся тынк

Пабачыць падземныя памяшканьні моладзевага культурна-забаўляльнага цэнтру не ўдалося. Яны пад замком. Пра тое, што ў тых памяшканьнях мае быць, кажуць толькі папяровыя абвесткі на дзьвярах. Некаторыя вокны з «падзямельля» заплылі расталым белівам. Празь месяц пасьля адкрыцьця «Дажынак» памяшканьні заліло дажджом. Іх аўральна рамантавалі. Ля ўваходу ў цэнтар і цяпер складзеныя будаўнічыя матэрыялы.
Уваход у культурна-забаўляльны цэнтар з будаўнічымі матэрыяламі
Уваход у культурна-забаўляльны цэнтар з будаўнічымі матэрыяламі

Ці даводзілася студэнтам сельгасакадэміі бываць у моладзевым культурна-забаўляльным цэнтры амфітэатру й ці часта праходзяць імпрэзы ў ім?

Студэнт: «Ён працаваў толькі адзін раз — на „Дажынках“. Там нічога не адбываецца».

Студэнткі: «Будавалі яго да „Дажынак“. Праходзяць там канцэрты нейкія. Праходзілі. Нейкі там быў канцэрт? Да 1 верасьня, здаецца. Выпускныя сёлета праходзілі. Прыяжджаў прэзыдэнт на „Дажынкі“ і выступаў на амфітэатры».

Студэнт: «Так, мы там былі. Там кампутарная кляса. У нас там праводзіліся заняткі. Адзін раз. Там нічога такога асабліва цікавага няма. Там цёпла. Толькі тэлефоны кепска працуюць. Самастойна я туды не хадзіў».

У аддзеле ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкаму цікаўлюся: ці працуе амфітэатар?

«Амфітэатар, як яго ў нас пабудавалі і крэслы паставілі для гледачоў, мы там праводзім культурна-масавыя мерапрыемствы. А вось пад зямлёй, напэўна, яшчэ не. Цяпер у Магілёве рыхтуецца рашэньне аблвыканкаму, каб перадаць амфітэатар, яго частку са сцэнай і радамі для гледачоў, нашаму аддзелу», — паведаміла супрацоўніца райвыканкаму.
Сцэна, зь якой адкрываў «Дажынкі» Аляксандар Лукашэнка. Цяпер ля яе пустынна
Сцэна, зь якой адкрываў «Дажынкі» Аляксандар Лукашэнка. Цяпер ля яе пустынна

Хто гаспадар культурна-забаўляльнага цэнтру, высьветліць не ўдалося. Сельгасакадэмія, на тэрыторыі якой знаходзіцца амфітэатар, браць яго на балянс адмаўляецца. Утрымліваць яго, кажуць у акадэміі, дорага. Да таго ж — як даць рады будаўнічым недаробкам?

«Там усё зьвязана з гідраізаляцыяй. Нешта не пралічылі, не прадумалі. Калі будавалі, то казалі, што раней такога не будавалі. Гэта такая нібыта навацыя была. Хоць і папярэджвалі нашы спэцыялісты з гідрафаку, што асьцярожна, тут плывуны — глеба такая няўстойлівая», — кажа спэцыяліст з акадэміі.

На ўзьвядзеньне амфітэатру па цэнах 2011 году зь дзяржаўнага бюджэту пайшло больш за 150 мільярдаў рублёў. Будавалі яго аўральна. Замест 27 месяцаў — усяго за дзевяць.
На крэслах глядзельнай залі студэнты адзначаюць свае сьвяты, рыхтуюцца да экзамэнаў
На крэслах глядзельнай залі студэнты адзначаюць свае сьвяты, рыхтуюцца да экзамэнаў

Да «Дажынак» аўральна будавалі ня толькі амфітэатар. Чыноўнікі з гонарам рапартавалі, што падрыхтавалі райцэнтар да фэсту за самыя сьціслыя тэрміны. Ужо празь месяц пасьля адкрыцьця «Дажынак» Аляксандар Лукашэнка гэтак ацаніў тыя аўральныя высільваньні:

«Як патлумачыць галавацяпства будаўнікоў? Спачатку тратуар абвальваецца, а цяпер мне дакладаюць, што новы інтэрнат пакрыўся цьвільлю. Людзі незадаволеныя. Мы ўбухалі ў парадкаваньне Горак 300 мільёнаў даляраў. І цяпер усё гэта жарэ грыбок».
Будзённы вечар. Пляцоўка па-над культурна-забаўляльным цэнтрам. Дагледжана, але бязьлюдна
Будзённы вечар. Пляцоўка па-над культурна-забаўляльным цэнтрам. Дагледжана, але бязьлюдна

Жыхары Горак і цяпер сутыкаюцца з хібамі «Дажынак». На вока ж прыежджага райцэнтар выглядае дагледжаным. На месцы зьнесеных старых дамоў, ад якіх засталіся толькі пляміны сьвежаўзаранай зямлі, парасла трава. Там, дзе яшчэ нядаўна быў дом Гарэцкага, цяпер растуць саджанцы дрэваў. Грамадзкасьці, якая змагалася за ўратаваньне дома Гарэцкага, улада абяцала, што ўсталюе на яго месцы інфармацыйны знак. Яго няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG