Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад такім загалоўкам амэрыканскі часопіс «National Interest» разглядае пэрспэктывы Эўразійскага саюзу, які мае быць створаны ў 2015 годзе. Прапануем вашай ўвазе гэты артыкул у скароце.

Мара Ўладзімера Пуціна стварыць Эўразійскі саюз знаходзіцца на апошнім дыханьні.

За апошнія некалькі тыдняў у мэдыях зьявіліся гісторыі пра тое, як Расея запалохвае Ўкраіну, каб тая адмовілася ад намеру падпісаць у лістападзе пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Адчайна намагаючыся захаваць для сябе галоўны каштоўны камень у кароне патэнцыйнага Эўразійскага саюзу, Расея за апошні месяц загадала правяраць украінскія тавары, якія пастаўляюцца на расейскую тэрыторыю, забараніла імпарт украінскага шакаляду і папярэдзіла Ўкраіну, што калі тая падпіша пагадненьне аб асацыяцыі, дык страціць статус «стратэгічнага партнэра» і сутыкнецца з «абарончымі захадамі».

Расея добра ведае, што калі Ўкраіна падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, дык у Масквы не застанецца магчымасьцяў для інкарпарацыі Ўкраіны ў Мытны саюз, што зробіць немагчымай палітычную інтэграцыю ў Эўразійскі саюз.

Пуцін меў плян кансалідаваць «ахвочыя» краіны вакол цяперашняга Мытнага саюзу — гандлёвага аб’яднаньня ў складзе Расеі, Беларусі і Казахстану — і, паводле прыкладу інтэграцыі ЭЗ, павольна трансфармаваць яго ў палітычную адзінку. Але праект Масквы быў нясьпелы і хібны ад самага пачатку.

Па-першае, у Эўразійскага саюзу адсутнічае моцная ідэалёгія, якая была кутнім каменем савецкага праекту. Бальшавізм і яго абяцаньне вялікага камуністычнага заўтра заахвочвала як эліты, гэтак і звычайных людзей у былой Расейскай імпэрыі пераносіць цяжар гэтага шляху, страты і і поўную адсутнасьць палітычнай і асабістай незалежнасьці. Але ў Эўразійскага саюзу няма такой ідэалёгіі для аб’яданьня. Канцэпцыя «эўразійства» грунтуецца на супрацьпастаўленьні Расеі Захаду ў пляне культуры, магутнасьці і сэнсу існаваньня, але яна не дае цэльнага рашэньня для праблемаў, зь якімі сутыкаюцца постсавецкія краіны. Замест гэтага Пуцін хацеў скарыстаць эўразійскую ідэалёгію выключна для наўпроставай імпэрскай праекцыі Расеі і расейскасьці на Ўсходнюю Эўропу і Цэнтральную Азію.

Але паколькі гэта расейская канцэпцыя, дык Эўразійскі саюз будзе мець заганы сучаснай Расеі: занядбаньне правоў чалавека, выбарачнае правасудзьдзе і ўсёпажыральную карупцыю. У параўнаньні з Эўразьвязам, на чым прыкладзе Пуцін хацеў грунтаваць свой саюз, Расеі таксама не хапае традыцыі прытрымлівацца вызначаных правілаў. Гэта, зразумела ж, выклікае страхі і сумневы сярод патэнцыйных чальцоў наконт захаваньня свайго сувэрэнітэту і, у выпадку Ўкраіны, штурхае іх ў абдымкі больш бясьпечных і ўжо ўсталяваных альтэрнатываў. Украіна цяпер бачыць сваю эканамічную будучыню з Эўропай, а на другім баку былой савецкай прасторы Кіргізстан зрабіў бы памылку, далучыўшыся да Эўразійскага саюзу, бо згубіў бы значную частку выгадаў ад гандлю з Кітаем.

Яшчэ адна перашкода — гэта нацыяналізм, які зноў адраджаецца ў Расеі. Старая савецкая ідэя «дружбы народаў» даўно згасла, і за апошняе дзесяцігодзьдзе ў Расеі значна вырасла падтрымка нацыяналістычнага стаўленьня да працоўных мігрантаў з Цэнтральнай Азіі. Гэта выклікала напружаньне ў вялікіх гарадах, рэгулярныя напады на імігрантаў з боку нацыяналістычных радыкалаў і, што больш распаўсюджана, адкрытую нецярпімасьць да мігрантаў. Гэта робіць праблематычным пытаньне аб інтэграцыі з краінамі Цэнтральнай Азіі.

З-за відавочнай страты Ўкраіны і сацыяльных небясьпекаў інтэграцыі з Кіргізстанам і Таджыкістанам Расея застаецца толькі зь цяперашнімі чальцамі Мытнага саюзу — Беларусьсю і Казахстанам. Але ані прэзыдэнт Лукашэнка, ані прэзыдэнт Назарбаеў, якія кіруюць сваімі краінамі 19 і 23 гады адпаведна, ня схільныя ахвяраваць сваёй з цяжкасьцямі назапашанай уладай на алтары невядомага левіятана. Здаровы розум дыктуе Расеі адмовіцца ад ідэі стварыць Эўразійскі саюз, а замест гэтага мець справу з новай рэальнасьцю непахіснага руху Ўкраіны на захад і з фактам, што інтэграцыя з Цэнтральнай Азіяй надта небясьпечная для ўнутранай стабільнасьці Расеі.

Эўрапейскі саюз гэта недасяжная мара спадара Пуціна. Чым хутчэй расейскі лідэр прызнае свой правал, тым лепей для стабільнага разьвіцьця гэтага рэгіёну — і для самой Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG