Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як там пісаў маскоўскі блогер alexander_blok?.. «В белом венчике из роз впереди Иисус Христос...» Здаецца, цытата дакладная. У італійскім пісьменьніку Габрыэле д’Анунцыё, які 12 верасьня 1919 году на чале свайго войска з трыюмфам увайшоў у горад Фіюмэ, ён жа — харвацкая Рыека, таксама было нешта ад Хрыста. Дарма што пісьменьнік быў лысы, як гарбуз — грамадзтва, якое ён надумаў запачаткаваць у Рыецы, мелася быць гэткім жа ідэальным і недасяжным, як Хрыстова царства.

У незалежнай Італійскай Рэспубліцы Карнара — а менавіта такую назву атрымала Рыека падчас кіраваньня камэндантэ д’Анунцыё — закон абавязваў кожнага грамадзяніна вывучаць музыку. І быць адначасова анархістам, фашыстам, паэтам і піратам. Такая вось дзіўная дзяржава паўстала на аскепках Аўстра-Вугорскай імпэрыі пасьля першай сусьветнай...

І ружы ў трыюмфатара д’Анунцыё былі таксама. Наагул, дзень захопу Фіюмэ атрадамі звар’яцелага літаратара ўвайшоў у гісторыю як самы неверагодны палітычны спэктакль ХХ стагодзьдзя. Пісьменьнік, якога ўжо даўно запрашалі ўзначаліць паход на Фіюмэ, каб места не дасталася Каралеўству Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў, прыехаў у горад у адкрытым аўтамабілі маркі ФІАТ, засыпаным ружовымі пялёсткамі. За ім рухаліся трыццаць пяць грузавікоў з ардыці — італійскімі салдатамі-штурмавікамі, вэтэранамі нядаўняй вайны. Побач з грузавікамі ішлі калёны далматынскіх уцекачоў, дэзэртыраў і адстаўных карабінэраў. Перад самай мяжою гэтае казачнае воінства з эпатажным літаратарам на чале паспрабаваў спыніць італійскі экспэдыцыйны корпус. Д’Анунцыё дэманстратыўна скідвае на зямлю шынель — на ягоных грудзях зіхацяць мэдалі і ордэны. «Калі вы здольныя стрэліць сюды — давайце, не марудзьце!» — пагардліва кажа ён. Экспэдыцыйны корпус, які меў заданьне арыштаваць д’Анунцыё і разагнаць яго людзей, узрушаны ўключна да апошняга сяржанта — і пераходзіць на бок камэндантэ. У 11.45 легіён д’Анунцыё ўваходзіць у горад — не зрабіўшы ніводнага стрэлу.

Рэспубліцы д’Анунцыё было наканавана праіснаваць паўтара года — і гэта былі самыя незвычайныя паўтара года ў гісторыі Фіюмэ. На той час восемдзесят адсоткаў насельніцтва гораду складалі італійцы — але ня гэта вызначала аблічча нікім не прызнанай ідэальнай дзяржавы. У Фіюмэ кінуліся авантурысты і паэты з усяго сьвету. І пакуль камэндантэ пісаў пяцістопным ямбам канстытуцыю і спрабаваў дамовіцца з харватамі «скінуць разам ненавіснае сэрбскае ярмо», караблі Рэспублікі займаліся рабункамі ў Міжземнамор’і, ратуючы ад правалу яе эканоміку, а міністар прыгажосьці дырыжор Тасканіні махаў сваёй палачкай, выклікаючы ў Фіюмэ музаў... Вось гэта была дзяржава!

Незадоўга да канца свайго існаваньня ад імя Рэспублікі быў адасланы ліст у Петраград, Савету Народных Камісараў — з прапановай усталяваць дыпляматычныя стасункі. Рэспубліка бачыла ў новай Расеі сваіх аднадумцаў — прыяцеляў па вар’яцтве, арганізатараў ня бачанага датуль экспэрымэнту. Але камісары не адказалі. Нічога дзіўнага: у Рэспубліцы д’Анунцыё яны пабачылі такую контррэвалюцыю, за якую ў Расеі спакойна ставілі да сьценкі. Маякоўскі адгукнуўся на перамогу італійскага калегі зьдзекілівым вершам пра «розуму ні ўнцыі, Фіюмэ ўзяў д’Анунцыё». Тут, у Петраградзе, зьбіраліся будаваць новую, чырвоную імпэрыю — і Рэспубліка паэтаў і карсараў падавалася камісарам дробнабуржуазнай гульнёй...
XS
SM
MD
LG