Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Цяжка ў 30-тысячным горадзе быць адзіным беларускамоўным жыхаром»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 11 верасьня 2013 году

Асобная вялікая частка пошты Свабоды — завочная дыскусія слухачоў і аўтараў наконт некаторых актуальных тэмаў. Сёньняшнюю размову пачну якраз з адной такой завочнай спрэчкі.

21 жніўня ў аглядзе пошты прагучаў ліст Алеся Марціновіча з Баранавічаў, у якім аўтар выказваў думку, што апазыцыйным палітыкам «трэба знайсьці форму беларускага празаходняга патрыятызму», прывабнага для новага пакаленьня, якое, на думку спадара Марціновіча, спрэс расейскамоўнае, а таму новая беларуская культура павінна быць на расейскім лінгваносьбіце.

Гэты ліст выклікаў катэгарычную нязгоду з боку іншага нашага слухача — Міколы Віцязя зь Белаазёрску. У сваім лісьце ён піша:

«Мяне засмуціў і абурыў гэты допіс Марціновіча. Культура на аснове расейскай мовы — гэта ўжо расейская культура, без усялякай беларускасьці. І потым, што гэта за дзіўны тэзіс: ісьці ў Эўразьвяз разам з расейцамі? А ці беларусы без расейцаў ня могуць далучыцца да Эўропы?

У мяне баліць душа, калі назіраю, як многія беларусы, ня маючы ўласных гонару і годнасьці, абыякавыя да ўласнага далейшага лёсу. Пакорліва і добраахвотна пагаджаюцца на русыфікацыю і такім чынам фактычна займаюцца самазьнішчэньнем сябе як асобнага народа, нацыі.

У гэтым закліку Марціновіча рухацца ў Эўразьвяз разам з расейцамі відаць кепска прыхаванае жаданьне, каб Беларусь была паглынута Расеяй. Быць зрусыфікаваным беларусам — адна справа. А вось заклікаць беларусаў да самазьнішчэньня — гэта і агідна, і злачынна. Відаць, у Марціновіча далягляд сягае толькі Масквы — далей ён сьвету ня бачыць»
.

Наўрад ці варта, спадар Мікола, запісваць у злачынцы толькі за тое, што чалавек выказвае меркаваньне, зь якім вы катэгарычна не пагаджаецеся. Алесь Марціновіч у сваіх шматлікіх лістах ня раз на розны лад паўтарае думку пра тое, што дэмакратычная апазыцыя ў Беларусі як сьлед ня ўлічвае ступень русыфікаванасьці беларускага грамадзтва. Яму падаецца: варта апазыцыянэрам падладзіцца пад расейскамоўнасьць большай часткі грамадзтва — і тут жа будуць здабытыя грамадзкія падтрымка і разуменьне.

Насамрэч праблема гэтая значна больш складаная, шматплянавая. І стаўленьне ў грамадзтве (у тым ліку сярод маладых пакаленьняў) да беларускай мовы, культуры, незалежнасьці не такое адназначнае, як можа падацца, калі меркаваць толькі па мове штодзённых зносін. Ня раз даводзілася сутыкацца з такім фэномэнам: чалавек расейскамоўны, размаўляць па-беларуску яму і цяжка, і патрэбы асаблівай няма ні на працы, ні ў побыце. Але адначасова, калі заходзіць размова на адпаведныя тэмы, выяўляецца, што ён — зацяты абаронца і прыхільнік і мовы, і культуры, і незалежнасьці... Грунтуючыся на ўласных назіраньнях, усё больш прыходжу да высновы, што зьява гэтая ў сёньняшняй Беларусі — масавая.

Цікава распавёў пра ўласны шлях да беларушчыны наш слухач Андрэй Чарнякевіч з Рагачова. Адказваючы на моўную анкету Свабоды, ён піша:

«Размаўляць па-беларуску пачаў, калі адчуў нейкую повязь з продкамі. Стала крыўдна, што ўсё наша, роднае, сваё — падаюць як калгаснае. У 18 год зразумеў, што гісторыя, якую нам выкладалі і якую ведаў, — няпоўная і непраўдзівая. Аказалася, што ёсьць шматвяковая гісторыя ВКЛ, што ёсьць матэрыяльныя помнікі той вялікай эпохі... А я ж думаў, што апроч гісторыі Расейскай імпэрыі ў нас і няма нічога. А яшчэ выявілася, што ёсьць нямала людзей, якія размаўляюць на беларускай мове. Апроч таго, вельмі мяне
У пэўным сэнсе беларускамоўнасьць — гэта пляма
чапляла, калі мне казалі: „Які ж ты беларус, калі размаўляеш па-расейску“...

І вось вырашыў адразу пасьля ўнівэрсытэту зрабіць сабе падарунак: пачаў гаварыць па-беларуску. Дзе і як карыстаюся мовай? Паўсюль! Вось толькі ў школе (яна рускамоўная) выкладаю хімію і біялёгію па-расейску. Ну, бывае, у краме, калі бачу, што суразмоўца мяне не разумее, выкарыстоўваю рускія словы (але зь беларускім калярытам).

Ва ўсіх жыцьцёвых сытуацыях яшчэ ніхто мне не сказаў нешта дрэннае з нагоды маёй мовы. Наадварот. Ну, бывае, нехта скажа, што мова падаецца яму грубай, альбо нейкае слова — сьмешным...

Праўда, на працу ўладкавацца цяжкавата: пачуўшы мову, глядзяць на цябе падазрона. Але потым, калі ўсё ж удасца нейкім чынам уладкавацца, наадварот, яшчэ і ганарацца, што ёсьць у школе такі настаўнік. Ну і, на жаль, кар’еру з мовай ня зробіш...

Словам, цяжкасьці ёсьць. У пэўным сэнсе беларускамоўнасьць — гэта пляма. Хоць і ня чорная, але, напэўна, для многіх ты на ўсё жыцьцё ўжо — апазыцыянэр. Вельмі цяжка ў 30-тысячным горадзе быць практычна адзіным беларускамоўным»
.

Падобныя гісторыі, упэўнены, можа распавесьці кожны беларускамоўны грамадзянін, які прынцыпова карыстаецца мовай у любых жыцьцёвых сытуацыях. Пасьля гэтага неяк няёмка і непрыемна чуць запэўніваньні чыноўнікаў пра тое, што ў Беларусі нібыта няма ніякай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце і што беларускую мову ніхто не ўціскае і не перасьледуе.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў свой новы ліст на Свабоду напісаў пасьля таго, як пачуў параду аднаго з кіраўнікоў беларускага ўраду, адрасаваную вяскоўцам: пераходзіць са сьвінагадоўлі на авечкагадоўлю — зважаючы на складаную сытуацыю, выкліканую эпідэміяй афрыканскай чумы сьвіней. Кастусь Сырэль з гэтай нагоды піша:

"Пэўна, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы разьбіраецца ў сельскай гаспадарцы яшчэ горш, чым я.

Мае карані — у вёсцы, таму сёе-тое пра авечак я ведаю — у дзяцінстве нават даводзілася іх пасьвіць. Так, калісьці ў беларускай вёсцы авечкагадоўля была вельмі распаўсюджаная. Можна нават сказаць, што авечка была часткай культуры беларусаў — гэтак жа, як і сьвіньня.

Але бараніна ў авечкагадоўлі была далёка ня самым галоўным прадуктам. Авечка перш за ўсё абувала і апранала беларусаў! З воўны вырабляліся валёнкі — галоўны зімовы абутак. З воўны ж былі ніткі, а зь іх — рукавіцы, шкарпэткі, швэдры. З воўны валялася сукно, а зь яго шылася верхняя адзежа — розныя паддзёўкі, якія апраналіся і ўзімку, і восеньню, і вясной. Ну, і вядома ж, інтэрнацыянальнае зімовае адзеньне — кажухі, кажушкі, камізэлькі ды іншае.

Авечка апранала і войска — з чаго былі пашытыя шынялі? А камандзірскія паўкажушкі — гэта ж таксама авечка! Цяпер усё гэта замянілі бушлаты на сынтыпоне.

Гадаваць авечку выключна на мяса наўрад ці выгадна. А дзеля воўны — куды тую воўну падзець? Няма ж практычна ніякай інфраструктуры для яе перапрацоўкі. Хто і чым будзе тых авечак хоць бы стрыгчы: ніхто ж ня ўмее! Тое самае тычыцца і авечых скураў.

Утрымліваць авечак, на першы погляд, вялікіх складанасьцяў няма. Улетку ім патрэбная толькі паша. Часам нават без пастуха можна абысьціся. Напрыклад, у нашым раёне ёсьць Чарсьцьвяцкае возера. Возера даволі вялікае, амаль тысяча гектараў. На ім сем выспаў. Я чуў, што калісьці даўно адна з выспаў — Вяліж — выкарыстоўвалася жыхарамі прыбярэжнай вёскі Слабада даволі арыгінальным чынам для гадоўлі авечак. Вясной на выспу на лодках перавозіліся авечкі і... І ўсё! Авечкі самастойна пасьвіліся там усё лета, іх наведвалі толькі час ад часу. Паша вялікая — плошча выспы гектараў 20–25 (я ля яе рыбачу ўзімку). Травы шмат, вада на месцы, да бліжэйшага берага ледзь не паўкілямэтра — ваўкі не адважацца пераплысьці, да таго ж на гэтым бліжэйшым беразе — вёска. Карацей кажучы, выдаткі на ўтрыманьне мінімальныя! Вясной завёз — восеньню забраў. А каго яшчэ на высьпе гадаваць, як не авечак?

Вядома, вялікае возера (ды яшчэ з выспай прыдатных памераў) ля кожнай вёскі ня знойдзеш. Пашы для авечак таксама не напасесься. Вы бачылі калі-небудзь пашу пасьля авечак? Гэта ж пустэльня Гобі ў мініятуры! Авечка — не карова, яна выгрызае траву да каранёў, прычым усю спрэс. Пашы пасьля авечак патрэбна нашмат больш часу, каб узнавіцца.

Так што ня ўсё так проста з авечкагадоўляй, як гэта мроіцца віцэ-прэм’еру Русаму..."
.

Сапраўды, спадар Кастусь, малаверагодна, каб экстравагантная парада віцэ-прэм’ера Русага была ажыцьцёўлена. Адразу пасьля таго, як гэтая парада прагучала, мы правялі апытаньні сярод вяскоўцаў у некалькіх рэгіёнах. Людзі ў пераважнай большасьці вельмі скептычна паставіліся да прапановы перайсьці са сьвіней на авечак. Прычынаў называлася шмат: і пашы адпаведнай няма, і традыцыі страчаны, і сена на зіму нарыхтоўваць цяжка, і смакавыя якасьці мяса іншыя, нязвыклыя для сучасных беларусаў...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG