Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 верасьня ў сядзібе БНФ прайшлі грамадзкія слуханьні на тэму «Стварэньне расейскай авіябазы ў Беларусі — як гэта адаб’ецца на рэгіянальнай бясьпецы».

У дыскусіі, якую наўпрост можна было пабачыць на сайце «Радыё Свабода», ўзялі ўдзел экспэрты, актывісты партыі, журналісты і звычайныя наведнікі. Прыводзім вытрымкі з выступаў экспэртаў.

Аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін:

«Расея разьмесьціць на авіяцыйнай базе ў Беларусі полк зьнішчальнікаў разам з 4 дывізіёнамі С-300 для супрацьпаветранай абароны. Месца ў Лідзе абранае, трэба меркаваць, невыпадкова, бо зусім побач і Літва і Польшча. Самалёты, якія там будуць базіравацца — СУ-27СМ3. Але гэта не зьнішчальнікі, а шматфункцыянальныя ўдарныя самалёты, якія прызначаныя ў тым ліку і для ўдараў па зямлі. Дальнасьць ягонага палёту 1500 кілямэтраў і ён можа несьці ракеты, ў тым ліку, паводле расейскіх крыніц, стратэгічныя з дальнасьцю да 3 тысяч кілямэтраў. У сувязі з такой характарыстыкай гэтага самалёта, ўзьнікае сумнеў адносна афіцыйнай расейскай вэрсіі, якой абгрунтоўваюць разьмяшчэньне тут гэтага палка. Яны кажуць: гэта ў межах адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, для абароны беларускага неба. Але тэхнічныя здольнасьці гэтага самалёта залішнія для такой задачы. Гэты самалёт „заточаны“ для ўдараў па зямных аб’ектах, мяркую, па аб’ектах, якія могуць зьявіцца на тэрыторыі Польшчы і балтыйскіх краін. Калі б расейцы захацелі б толькі бараніць беларускае неба, то сюды варта было б накіраваць чыстыя перахопнікі, прыкладам, МІГ-31Б. Чатыры такіх перахопніка здольны ўсю паветраную прастору Беларусі закрыць, бо яны эфэктыўна змагаюцца і з крылатымі ракетамі, замяняюць АВАКС. А тое, што замест перахопнікаў нам падсунулі ўдарныя самалёты, сьведчыць пра тое, што ў плянах ня столькі абарона Беларусі, колькі магчымае нанясеньне ўдараў па наземных цэлях ў суседніх краінах. Дадаць варта і тое, што гэты самалёт можа несьці ядзерную зброю, і калі яна будзе на самалётах, якія разьмешчаныя на расейскай базе, то гэта ня ёсьць парушэньнем міжнародных дамоваў. Праўда, варта адзначыць для справядлівасьці, што амэрыканскі F-16, які зьбіраюцца разьмясьціць ў Польшчы, таксама здольны несьці ядзерную зброю. А гэта значыць, што ў выпадку канфлікту, узьнікае і пагроза атрымаць тут ядзерны ўдар. Гэта гіпатэтычная пагроза, але, ведаеце, калі пачынаецца вайна, то правілаў ніхто не прытрымліваецца».

Андрэй Паротнікаў, аналітык праекту Belarus Security Blog:

«На маю думку, будучая база ў Лідзе ніяк не ўмацуе магутнасьць беларускага войска. Замежныя базы падпарадкоўваюцца толькі свайму кіраўніцтву, і калі гаворка пра павялічэньне абароннага патэнцыялу, то разьлічваць трэба толькі на сябе, а не на тое, што замежнікі будуць нешта за нас рабіць. Па-першае, разьмяшчэньне базы. 38 кілямэтраў да Літвы — гэта значыць, што і адтуль вельмі лёгка дастаць да гэтай базы. Нават сучасная артылерыя НАТО мае дальнасьць да 60 кілямэтраў. Возьмем і колькасьць самалётаў — 20 ці 22. У Польшчы сёньня 48 зьнішчальнікаў F-27 менавіта ўдарнай мадэфікацыі, яшчэ такая ж колькасьць будзе пераведзеная з Італіі. Плюс ў іх шмат мадэрнізаваных МІГ-29. То бок абсалютна зразумела, што 20 расейскіх самалётаў не змогуць супрацьстаяць групоўцы, якая перавышае іх колькасьцю ў некалькі разоў. Такім чынам мне бачыцца, што найперш ў расейцаў палітычныя прычыны разьмяшчэньня тут сваёй базы. Ў тым ліку гэта пачатак апэрацыі „Пераемнік“. Далёка не факт, што Ўладзімер Пуцін дасядзіць за 2018 году. Зараз вялікая верагоднасьць таго, што ў якасьці пераемніка акажацца міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Пры гэтым варыянце сэнс базы яшчэ і ў тым, каб паказаць яго ў якасьці пасьпяховага лідэра, які здольны ня толькі навесьці парадак у Расеі, але і на міжнароднай сцэне. Комплекс вялікадзяржаўя там вельмі моцны, гэта трэба ўлічваць».

Дзяніс Мельянцоў, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў:

«Сапраўды, тут ня так шмат вайсковай лёгікі — ў разьмяшчэньні гэтай вайсковай базы ў Лідзе. Гэта не элемэнт стратэгіі. Тут безумоўна прыярытэт палітычнай рацыі. Я б нават сказаў, што гэта выключна палітычная дзея, а не вайсковая. Бо расейская вайсковая прысутнасьць тут ў Беларусі і без таго вялікая, і без гэтых 20 самалётаў. Для Расеі такая база — гэта хутчэй элемэнт палітычнага кантролю, Расея спрабуе „засталбіць“ сваю прысутнасьць тут з тым, каб далей уплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Мяркую, імавернасьць наўпроставага сутыкненьня Захаду з Расеяй зараз немагчымая, але чаму стала магчыма, што тут зьяўляецца расейская база? Першае, бо Захад губляе да нашага рэгіёну цікавасьць. Другое, у Расеі зараз вельмі спрыяльны гістарычны момант, яна зараз на піку сваёй постсавецкай магутнасьці, за якім пойдзе падзеньне. Яны гэта адчуваюць, што альбо зараз, альбо ніколі. І таму мы бачым як раз з боку Расеі крокі ў пляне інтэграцыі постсавецкай прасторы. Але адносна нашага рэгіёну гэта безумоўна напальвае палітычную сытуацыю і безумоўна адбіваецца на нашых стасунках з суседзямі».

Аляксандар Стральцоў, намесьнік старшыні партыі БНФ:

«Падводзячы вынікі размовы, адзначу, да чаго мы прыйшлі. Першая выснова, што прысутнасьць дадзенай базы не адпавядае патрэбе Беларусі ў самаабароне. З гэтым пагадзіліся ўсе экспэрты, якія заўважылі, што магчымасьці і накірунак дзеяньня гэтай базы значна перавышае неабходную патрэбу, і скіраваны на суседзяў, што супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу нэйтральнасьці. Другі момант — гэта небясьпека, якую дадае сама база, бо ў выпадку канфлікту яна стане аб’ектам нанясеньня ўдару, ў тым ліку і ядзернага. Трэці момант — гэта забясьпячэньне гэтай базы. Бо гэта забясьпячэньне будзе ўскладзенае на беларускі бюджэт, між тым карысьці ад базы не бачна. Зыходзячы з гэтых высноваў і будзе будаваць сваю палітыку Партыя БНФ, якая ініцыявала гэтыя слуханьні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG