Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: «Рызыка абвальнай дэвальвацыі ўзрастае з кожным днём»


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

У Нацбанку Беларусі ня сталі камэнтаваць інфармацыю, якая зьявілася на некаторых сайтах, пра тое, што на сярэдзіну восені прызначана дэвальвацыя.

Аднак ці ня кажуць некаторыя эканамічныя паказчыкі пра непазьбежнасьць плаўнай альбо больш рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля? Чаму нават афіцыйныя эканамісты заяўляюць пра карысьць плаўнага паніжэньня курсу нацыянальнай валюты? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

Цыганкоў: Калі аналізаваць некаторыя сёньняшнія факты і зьявы ў беларускай эканоміцы і фінансавай сфэры — наколькі рэалістычна, што ўлады пойдуць на плаўную дэвальвацыю яшчэ цягам гэтага году?

Багданкевіч: Я лічу, што з кожным днём узрастае рызыка абвальнай дэвальвацыі. Найважнейшы чыньнік — зьмяншэньне больш як у два разы золатавалютных рэзэрваў усёй банкаўскай сыстэмы краіны. Калі скласьці ўсе рэзэрвы — Нацбанку ды іншых банкаў — то на пачатак году яны складалі 30 трыльёнаў беларускіх рублёў (у пераліку на нацыянальную валюту). А сёньня яны складаюць 14 трыльёнаў.

Гэта абвальны паказьнік, які сьведчыць, што каб не дапусьціць абвальнай дэвальвацыі, трэба думаць пра плаўнае зьніжэньне курсу, і, зь іншага боку, узмацняць жорсткасьць манэтарнай палітыкі.

Цыганкоў: Яшчэ на пачатку верасьня адмыслоўцы навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Міністэрства эканомікі заявілі, што трэба правесьці плаўную дэвальвацыю беларускага рубля — прыблізна на 10 працэнтаў. Ці можна сказаць, што такая думка запанавала ў эканамічным кіраўніцтве краіны, ці падтрымлівае яе большасьць афіцыйных эканамістаў і чыноўнікаў?

Багданкевіч: Я думаю, вы маеце рацыю — сярод большасьці эканамістаў думка аб неабходнасьці дэвальвацыі перамагае ўсе іншыя меркаваньні. Яна толькі не перамагае пакуль на самым вышэйшым узроўні.

Бо надта шмат нэгатыўных чыньнікаў. Замежны доўг расьце, унутраныя даўгі эканомікі перад банкаўскім сэктарам узрасьлі на 15 працэнтаў. Даўгі насельніцтва, фізычных асобаў узрасьлі на 17–18 працэнтаў сёлета. Усе паказьнікі кажуць пра пагаршэньне манэтарнай сытуацыі — і таму трэба рабіць нейкія захады.

Шмат іншых паказьнікаў, якія падштурхоўваюць эканамістаў да высновы, што трэба аздаравіць эканоміку, абмежаваць рост грашовай масы.

На 15 працэнтаў вырасла рублёвая маса, у той час як ВУП вырас толькі на 1,4 працэнта. Прадукцыйнасьць працы вырасла на 2 працэнты, а гэтак званыя даходы насельніцтва — на 20 працэнтаў. Гэта ж дыспрапорцыя, якая і вядзе да дэвальвацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG