Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску плянуюць стварыць «Нацыянальны пантэон»


Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на Палацы барацьбы, што месьціцца на вуліцы Каліноўскага

Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на Палацы барацьбы, што месьціцца на вуліцы Каліноўскага

Улады заявілі, што асобнага помніка Кастусю Каліноўскаму ў Менску ня будзе. Яму адводзяць месца ў «Нацыянальным пантэоне», які ўзьнікне ў аддаленай пэрспэктыве.

Першая намесьніца начальніка галоўнай управы Менскага гарвыканкаму па ідэалягічнай працы, культуры і справах моладзі Віталіна Рудзікава адказала ініцыятарам усталяваньня ў Менску помніка Кастусю Каліноўскаму.

У сваім адказе, накіраваным на імя Алега Корбана, чыноўніца заявіла, што яе ўправа лічыць «заўчасным» усталяваньне помніка на тэрыторыі сквэра ў межах вуліцы Каліноўскага і праспэкта Незалежнасьці.

Да адказу Рудзікавай дадаецца ліст дырэктара Менскага НДІ сацыяльна-эканамічных праблем Уладзімера Апанасенкі, які тлумачыць, чаму ідэя помніка Каліноўскаму заўчасная.

Справа ў тым, што паводле распрацаванай у 2012 годзе «Навуковай канцэпцыі стварэньня і ўстаноўкі мэмарыяльных збудаваньняў у горадзе Менску», у сталіцы Беларусі плянуецца стварыць агульны помнік героям і асобам беларускай гісторыі.

Ён мае ўмоўную назву «1000-годзьдзе беларускай дзяржаўнасьці (асобы ў гісторыі Беларусі)». Помнік гэты яшчэ называюць «Нацыянальным пантэонам», за прыкладам аналягічных аб’ектаў у іншых дзяржавах.

Аднак размова йдзе толькі пра аддаленую пэрспэктыву рэалізацыі гэтай ідэі.

Уладзімер Апанасенка паведаміў, што распрацоўшчыкі гэтага праекту просяць больш часу для дэталёвай прапрацоўкі. Апрача таго, трэба вызначыць мадэль для гэтага аб’екта:

«Для таго каб паказаць веліч і трагізм тысячагадовай гісторыі беларускіх земляў, беларускага народа, неабходна вызначыць ня толькі і ня столькі кола падзей і асобаў, а і форму, якая іх аб’яднае на агульнай прасторы».

Далей Апанасенка піша, што ў меркаваным аб’екце «1000-годзьдзе беларускай дзяржаўнасьці» Кастусь Каліноўскі «зойме сваё годнае месца»:

«У сувязі з гэтым лічым немэтазгодным усталяваньне асобнага помніка Каліноўскаму ў Менску».

Алег Корбан

Алег Корбан

«Мы лічым адказ чыноўнікаў неабгрунтаваным, чарговай фармальнай адпіскай. Менская ўлада не гатовая на тое, каб зьявіўся помнік. Улады праігнаравалі 4000 подпісаў сваіх грамадзян і падаткаплатнікаў. Гэтым адказам мы абураныя і плянуем бліжэйшым часам ладзіць акцыі ў форме пікетаў з патрабаваньнем адстаўкі кіраўніцтва гарвыканкаму», — заявіў Свабодзе Алег Корбан, лідэр аб’яднаньня «Альтэрнатыва», якое зьбірала подпісы за помнік Каліноўскаму ў Менску.

Зварот аб будаўніцтве ў Менску помніка Каліноўскаму быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету дэпутатаў, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.

Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 зь іх былі пасланыя ўладам.

Кампанію зьбіраньня подпісаў сярод жыхароў Менску за будоўлю помніка лідэру нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму правялі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.

Актывісты зазначаюць добрае стаўленьне жыхароў Менску да іхняй ініцыятывы. Людзі ведаюць, хто такі Каліноўскі, разумеюць важнасьць паўстаньня пад ягоным кіраўніцтвам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG