Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 верасьня — Усясьветны дзень прадухіленьня самагубстваў. Яго адзначаюць, каб заахвоціць дзейнасьць дзеля прадухіленьня самагубстваў ва ўсім сьвеце.

Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь шмат гадоў застаецца адным з усясьветных лідэраў па колькасьці самагубстваў — цяпер краіна займае 6-е месца ў сьвеце з паказьнікам 23 сьмерці на 100 тысяч насельніцтва, а паводле крытэрыяў гэтай міжнароднай арганізацыі высокім лічыцца ўзровень, які перавышае 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

У 2012 годзе, паводле афіцыйнай інфармацыі Белстату, у краіне было ўчынена 1949 самагубстваў — гэта больш, чым загінула людзей у дарожна-транспартных здарэньнях (для параўнаньня — летась у выніку дарожных аварый загінулі 1312 беларусаў). На кожнага, хто ўчыніў самагубства, прыпадае 20 ці больш чалавек, якія рабілі такую спробу. Што падштурхоўвае чалавека да суіцыду: хвілінная слабасьць, сур’ёзныя абставіны, парушэньні псыхікі, хвароба? Псыхіятар Ігар Сарокін выказаў такое меркаваньне:

«Гэта і хвароба, і сытуацыя. Большасьць суіцыдаў учыняюць усё ж такі людзі нездаровыя, якія знаходзяцца ў хваравітым стане. Псыхічныя парушэньні ёсьць у кожнага, хто гэта ўчыніў, а псыхічныя захворваньні ёсьць ня ў кожнага. Думкі пра самагубства бываюць у кожнага чалавека, ня кожны гэтыя думкі рэалізуе».

22-гадовы Зьміцер — цяпер студэнт-пяцікурсьнік прэстыжнай сталічнай ВНУ. А падлеткам не адзін раз хацеў пайсьці з жыцьця:

«Было дзьве спробы перарэзаць сябе жылы, адзін раз — павесіцца. Адбывалася гэта пад уплывам нейкіх эмоцыяў, дрэнных сытуацыяў у жыцьці. У першую чаргу гэта былі праблемы на фронце прыватных адносін зь дзяўчатамі, праблемы з бацькамі. Ты лічыш, што стаміўся, што гэтая рэальнасьць не для цябе. І як сьнежны ком гэтыя праблемы накочваюцца і накочваюцца, і з кожным днём усё больш і больш думаеш, як гэта зрабіць, як бы сысьці хутчэй... Калі ўжо пачынаеш брацца за лязо, ваганьні ёсьць. Але я яшчэ раз кажу: гэта было дзіцячым глупствам. Гэта цяпер я вельмі сябе люблю, каб гэта зрабіць: зьявіўся нейкі цынізм, эгацэнтрызм».

Часьцяком у прэсе пішуць пра самагубствы падлеткаў, але, на думку адмыслоўцаў, часьцей накладаюць на сябе рукі дарослыя, сталыя людзі: жанчыны — старэйшыя за 60 гадоў, а мужчыны — пасьля 40. Прычым мужчын-самагубцаў у 3–4 разы больш, чым жанчын. Часта прычынай бывае алькаголь, кажа псыхатэрапэўт Вячаслаў Цырлін:

«Паколькі алькагалізм і ёсьць такі „пралянгаваны суіцыд“, таму што чалавек павольна, але паступова сам сябе забівае, усе суіцыдальныя тэндэнцыі грунтуюцца на тым, што чалавек абясцэньвае сваё жыцьцё ва ўсёй яго разнастайнасьці. Таму яны ў прынцыпе людзі, якія патэнцыйна ня хочуць жыць, людзі, гатовыя пайсьці з гэтага жыцьця „па-ангельску“, не разьвітваючыся. Прыходзіць так званая „абыякавасьць да жыцьця“, алькагольная дэпрэсія, у тым ліку і суіцыд».



Летась у Менску адбыўся цэлы шэраг рэзанансных самагубстваў: падлеткі кідаліся са шматпавярховікаў, маладая маці з двума дзецьмі выкінулася з вакна. Псыхіятры загаварылі тады пра так званы «сындром Вэртнэра»: калі ў СМІ зьяўляюцца вострыя публікацыі пра суіцыды, адразу ж здараюцца падобныя самагубствы. Многія адмыслоўцы-псыхіятры, псыхатэрапэўты выступілі з ініцыятывай, каб Міністэрства аховы здароўя выйшла з афіцыйнай прапановай наагул забараніць паведамляць у СМІ пра суіцыды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG