Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік амбасады Расеі: Абвінавачаньні Баўмгертнэру не па адрасе


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

У амбасадзе Расеі ў Менску паведамілі, што атрымалі адказ з генпракуратуры Беларусі на зварот аб зьмене меры стрыманьня гендырэктару «Ўралкалія» Ўладзіславу Баўмгертнэру.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік амбасады Ўладзімер Марчукоў. Аднак ён не раскрыў зьмест гэтага адказу.

«Я не ўпаўнаважаны казаць пра зьмест. Але ўсе даволі відавочна, бо нічога ж не памянялася ў статусе Баўмгертнэра. Аднак устаноўленыя тэрміны для адказу беларускім бокам былі захаваныя: ён быў атрыманы напрыканцы 10-га дня», — сказаў Марчукоў.

Таксама ён паведаміў, што новых сустрэчаў з Баўмгертнэрам у консульскіх работнікаў амбасады не было.

«Сам Баўмгертнэр адвакатам такія просьбы не заяўляў. Але консульскія работнікі будуць гатовыя сустрэцца, як толькі зьявяцца такія жаданьні ў Баўмгертнэра», — сказаў прадстаўнік амбасады.

Пра стаўленьне да таго, што афіцыйны Менск не паслухаўся заклікаў МЗС Расеі і ня вызваліў Баўмгертнэра, спадар Марчукоў выказаўся так:

«Пакуль ніякіх камэнтароў мы даваць ня можам. Яшчэ раз амбасадар Беларусі ў Маскве сустракаўся са статс-сакратаром расейскага МЗС Карасіным, і пытаньне якраз гэтага тычылася. Але пакуль, як бачна, сытуацыя застаецца на ранейшай стадыі».

Карэспандэнт: «Дык што, магчыма, ёсьць падставы, каб трымаць Баўмгертнэра пад вартай?»

Марчукоў: «Падставы адпачатку даволі спрэчныя. Тое, што яму ставяць у віну беларускія праваахоўныя органы, напэўна, не зусім па адрасе. Мне складана нешта казаць на гэты конт».

6 верасьня суд Партызанскага раёну Менску не задаволіў скаргу адвакатаў на меру стрыманьня Баўмгертнэру, які быў затрыманы 26 жніўня ў Менску і знаходзіцца ў СІЗА КДБ Беларусі. Адвакаты абскардзілі рашэньне суду ў Менскім гарадзкім судзе.

Кіраўніку «Ўралкалія» прад’яўлена абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры 100 млн даляраў.
XS
SM
MD
LG