Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іванішвілі: «Мы хочам свабоды і дэмакратыі ў Эўразійскім саюзе»


Бідзіна Іванішвілі

Бідзіна Іванішвілі

У эксклюзіўным інтэрвію грузінскай службе Радыё Свабода прэм’ер-міністар Грузіі Бідзіна Іванішвілі распавёў аб асноўных прыярытэтах грузінскай зьнешняй палітыкі, імкненьні краіны ў Эўразьвяз і пэрспэктывах уваходжаньня Грузіі ў Эўразійскі саюз.

РС: Спадар Іванішвілі, вы нядаўна пахвалілі Арменію за яе ўзважаную зьнешнюю палітыку. Ерэван кажа, што зьбіраецца ўступіць у Эўразійскі саюз. Вы таксама лічыце, што Эўразійскі саюз стратэгічна прывабны і для Грузіі?

Іванішвілі: На гэтым этапе, калі ідзе фармаваньне Эўразійскага саюзу, я як кіраўнік кабінэту кажу так: я ўважліва сачу і вывучаю гэтае пытаньне. Калі гэта будзе выгадна для нашай краіны і прынясе ёй дадатковыя дывідэнды ды, разам з гэтым, ня будзе ісьці насуперак нашай стратэгіі, якая прадугледжвае інтэграцыю Грузіі ў Эўразьвяз і НАТО — то чаму б і не? Я ніколі не зраблю нашу краіну паддосьледным трусом! Адпаведна, мы назіраем і вывучаем, што азначае Эўразійскі саюз. У вельмі далёкай пэрспэктыве і Расея стане сябрам Эўразьвязу, бо гэта суседзі, і яны патрэбныя адзін аднаму. Расея стане і сябрам НАТО, і блізкім сябрам ЗША, калі хочаце.

РС: Але ў Эўразьвязе няма адзінага гаспадара. А ў Эўразійскім аб’яднаньні гаспадар — Масква, якая іншым краінам дыктуе і навязвае свае правілы гульні.

Іванішвілі: А мы ў такі саюз ня ўступім! Час гаспадароў мы закончылі раз і назаўжды. Мы хочам свабоды, забесьпячэньня ўсіх правоў чалавека, роўнасьці, дэмакратыі і будаўніцтва дэмакратычных інстытутаў. Адпаведна, мы паглядзім, які прынцып абярэ Эўразійскі саюз, і калі ён будзе такім, як вы сказалі, то, вядома, мы туды ня ўступім.

РС: Вы сказалі, што ня ведаеце, што ўяўляе сабою Эўразійскі саюз. А ці ёсьць у вас дакладнае разуменьне, што такое Эўразьвяз, якія рэгуляцыі і якія выклікі чакаюць Грузію перад уступленьнем у Эўразьвяз?

Іванішвілі: У Эўразьвязе нам у першую чаргу падабаюцца эўрапейскія каштоўнасьці. Самыя пасьпяховыя і самыя цікавыя — гэта эўрапейцы. Правы чалавека, канкурэнтаздольны рынак і адсутнасьць карупцыі — гэта і ёсьць сутнасьць Эўропы. Чалавек заўсёды імкнецца да лепшага жыцьця. Вядома, цяперашні эканамічны крызыс кідае цень на Эўразьвяз. Але эканамічны крызыс скончыцца. Сёньняшняя цывілізацыя нічога лепшага, чым Эўразьвяз, не стварыла.

РС: Вы зьмянілі рыторыку з Расеяй і прызначылі спэцыяльнага прадстаўніка. Разам з гэтым вы на нарадзе з амбасадарамі Грузіі сказалі, што Расея на гэта адказала драцянымі загароджамі ў акупаванай Паўднёвай Асэтыі.

Іванішвілі: Мы з абодвух бакоў зрабілі пазытыўныя крокі, і я хачу гэта падкрэсьліць. Калі б не Расея, то нашы тавары не змаглі б так свабодна патрапіць на расейскі рынак. Асноўны пазытыў — гэта аднаўленьне гандлёва-эканамічных адносін. А на сустрэчы з амбасадарамі я адзначыў, што гэтаму пазытыву пярэчыць тое, што расейскія вайскоўцы працягнулі калючы дрот. І гэта выклікае зьдзіўленьне. Вядома, мы стараемся наладзіць адносіны з Расеяй, але Расея — велізарная краіна, і ў мяне няма прэтэнзій яе перавыхаваць. Мы павінны зь цярпеньнем ставіцца да гэтага, быць прынцыповымі і разам з тым канструктыўнымі і дыпляматычнымі, а не крычаць гістэрычна, а ня бразгаць зброяй, як гэта было раней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG