Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сьлімак стаў рыбай, а Польшча страціла доступ да мора?


Жузэ Мануэл Барозу
Жузэ Мануэл Барозу

Партал Wirtualna Polska зьмясьціў інтэрвію з прафэсарам Міраславам Пятроўскім, польскім гісторыкам і дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту, які распавёў пра мэханізмы стварэньня нарматыўна-прававых актаў у Эўразьвязе і прычыны, дзеля якіх брусэльская адміністрацыйная махіна імкнецца рэглямэнтаваць розныя бакі жыцьця самым нечаканым чынам. Міраслаў Пятроўскі вядомы ў Польшчы тым, што цягам апошніх сямі гадоў арганізаваў конкурсы на найбольшыя недарэчнасьці ў Эўразьвязе.

Прапануем вам пераклад выбраных фрагмэнтаў гэтага інтэрвію, якое ўзяў Марцін Бартніцкі.

Каторы з нарматыўных актаў Эўразьвязу, заяўленых на вашы конкурсы, быў, па-вашаму, найбольшай недарэчнасьцю?

Цягам сямі гадоў я атрымаў столькі заявак адносна абсурдных распараджэньняў і правілаў, што мне цяжка выбраць нешта адно. У першым конкурсе перамагла дырэктыва, якая датычыла «вытворчасьці спажывецкіх яек на адкрытым паветры». У гэтай дырэктыве было вынаходліва запісана, што «курыца ў клетцы павінна стаяць кіпцюрамі наперад». (...)

Летась мы прэміявалі брашуру з загалоўкам: «Гендэрна нэўтральная мова ў Эўрапейскім парлямэнце». У гэтай брашуры рэкамэндуецца, каб дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, а ў далейшай будучыні і дэпутаты ў нацыянальных парлямэнтах ды грамадзяне Эўразьвязу, не карысталіся словамі, якія пазначаюць полавую розьніцу, напрыклад, «спадар», «спадарыня», «спадарычна», «дырэктар», «дырэктарка» і таму падобнае, бо само гэтае адрозьненьне, на думку аўтараў, зьяўляецца дыскрымінацыйным. (...)

Аўтары рэкамэндуюць, каб зьвяртацца да людзей па імені, а калі зьбіраецца група жанчын-журналістаў або жанчын-лекараў, дык у кожным выпадку маюцца канкрэтныя ўказаньні, як называць гэтую групу. Калі пішам пра сход жанчын-лекараў, дык мы павінны ўжываць выраз «асобы, якія ўдзельнічаюць у сходзе», каб абмінуць полавую канатацыю. Мы далі прэмію гэтай брашуры, усю справу апісалі ў Daily Mail, і Эўрапейскі парлямэнт даў задні ход гэтай ідэі. Усе брашуры зьніклі. Ва ўсім парлямэнце застаўся толькі адзін асобнік, даступны ў бібліятэцы.

Вылучэньня заслугоўваюць і іншыя прадпісаньні, наогул паўсюдна вядомыя, напрыклад такія, што, паводле нормаў Эўразьвязу, морква зьяўляецца садавіной, сьлімак — прэснаводнай рыбай, а шпроты не належаць да прамысловых рыб. Мы назіраем тэндэнцыю да рэглямэнтацыі амаль усіх дзялянак грамадзкага, культурнага і тэхнічнага жыцьця. Можна тут прывесьці прыклад нарматываў Рады Эўразьвязу і Эўрапейскай камісіі, якія рэглямэнтуюць сядзеньне кіроўцы ў сельскагаспадарчых трактарах і лесагаспадарчых колавых цягачах, ды таксама дырэктывы адносна люстэрак зваротнага бачаньня ў трактарах і, асобна, у лесагаспадарчых цягачах. (...)

Хто зьяўляецца ініцыятарам такіх нарматыўных актаў і як выглядаюць дэбаты на іх тэму?

Імпульс сыходзіць ад Рады Эўразьвязу або Эўрапейскай камісіі, якія маюць права заканадаўчай ініцыятывы. Эўрапейскі парлямэнт ня мае такіх паўнамоцтваў — гэтыя тэмы прысылаюць нам дзеля кансультацыі. Я, напрыклад, удзельнічаў у дэбатах на тэму «Роля і значэньне цырку ў Эўразьвязе». Выглядала гэта наступным чынам: сацыялісты сьцьвярджалі, што патрэбна адмысловая рэглямэнтацыя, каб ня мучыць дзікіх зьвяроў, на што брытанскія кансэрватары адказвалі, што зьвяры ў цырку дрэсіраваныя і зусім ня дзікія. Можна сабе дэбатаваць, але можна таксама задаць пытаньне, ці варта, каб больш за 700 дэпутатаў прыяжджалі ў Брусэль займацца такой тэмай. Адносна нядаўна праводзіліся дэбаты на тэму «Як наблізіць касьмічную прастору да Зямлі» і на тэму «Замеры прагрэсу ў зьменлівым сьвеце».

Мала хто ведае, бо ў падручніках пра гэта ня пішуць, што пры Эўрапейскай камісіі былі створаныя працоўныя камітэты, якія называюць таксама працоўнымі групамі. Сем гадоў таму мы паддалі спадара Барозу лёгкаму шантажу, сказаўшы яму, што калі ён ня дасьць нам сьпісу гэтых камітэтаў, дык мы ня будзем за яго галасаваць, а яму тады не хапала лічаных галасоў дзеля пераабраньня старшынём Эўрапейскай камісіі. Мы думалі, што гэтых камітэтаў будзе пад 300. А ён пераслаў нам сьпіс, у якім стаялі дакладна 3094 працоўныя камітэты, кожны зь якіх мае свой асобны бюджэт, сакратарыят, экспэртаў. Сярод гэтых камітэтаў знайшоўся, напрыклад, камітэт у пытаньні крывізны бананаў, былі таксама камітэты адказныя за ліфты, за этыкеткі на тэкстыльных вырабах і за добрае самаадчуваньне жывёл. Гэтак было ў мінулым скліканьні парлямэнту, аднак і ў цяперашнім шэфу Эўрапейскай камісіі не хапіла галасоў, і калі мы папрасілі ў яго актуальны сьпіс працоўных камітэтаў, ён адказаў: «Натуральна, мы рэфармаваліся, і камітэтаў цяпер менш». Цяпер іх роўна тысяча.

Адкуль бярэцца гэтае моцнае памкненьне рэглямэнтаваць такія дробныя пытаньні, як крывізна бананаў або агуркоў? Нехта на гэтым зарабляе?

За абсурдным гучаньнем нарматыўных актаў хаваюцца сур’ёзныя інтарэсы, як краінаў-сябраў Эўразьвязу, так і бізнэсовых арганізацый, самым яскравым прыкладам чаго ёсьць дырэктыва адносна замены традыцыйных лямпачак энэргазьберагальнымі цягам некалькіх гадоў. Рашэньне прымалі некалькі чалавек, хоць яно датычыць 500 мільёнаў эўрапейцаў, якім не пакінулі права на выбар у краме. Новыя абавязковыя лямпачкі Эўразьвязу даражэйшыя за традыцыйныя ў дзесяць разоў або і болей. Зразумела, што ад гэтага маюць прыбытак фірмы, якія вырабляюць энэргазьберагальныя лямпачкі. (...)

Жузэ Мануэль Барозу, калі я ў яго запытаўся пра гэта, адказаў, што крыніцай нарматыўных недарэчнасьцяў зьяўляецца не Эўрапейская камісія, а Рада Эўразьвязу, у якой засядаюць прадстаўнікі 27 краінаў-сябраў, і гэта якраз яны даюць такія прапановы. Эўразьвяз дае датацыю на лоўлю рыбы, а ў Францыі шмат сьлімакоў, таму сьлімакі «сталі» прэснаводнымі рыбамі, дзякуючы лобінгу французаў. Гэтак сама з Партугаліяй, дзе робяць джэм з морквы, а паколькі Эўразьвяз дае датацыю толькі на джэм з садавіны, дык трэба было перакваліфікаваць моркву на від садавіны, каб Партугалія магла атрымаць датацыю. Калі ствараюць камісію ў пытаньні крывізны бананаў, дык дзеля таго, каб датацыю атрымалі адно бананы з францускіх зонаў уплыву. (...)

Ці польскім дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту таксама ўдалося праціснуць нейкую «недарэчнасьць», якая была б карыснай для нашай краіны і для польскіх фірмаў?

На жаль, я ня чуў пра такі выпадак. Кажу «на жаль», таму што кожная краіна змагаецца за сваё. Я прыгадваю сытуацыю сямігадовай даўнасьці, калі я ўдзельнічаў у сустрэчы з намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі Польшчы ў Эўрапейскім парлямэнце. У нейкі момант намесьнік міністра сказаў дэпутатам, што спадарыня эўракамісар Фішэр Бёл залічыла Польшчу да краінаў, якія ня маюць доступу да мора. Я ўзяў голас і сказаў, што я быў у ваколіцы Ўладыславова і сам бачыў, што ў нас ёсьць мора. Усе, уключна з дэпутатамі, «накінуліся» на мяне, каб я замаўчаў, бо гэтага патрабуе наш нацыянальны інтарэс. Аказваецца, калі адлегласьць ад найдалейшай мяжы да мора перасягае пэўны акрэсьлены лік кілямэтраў, дык краіну можна кваліфікаваць як тую, што ня мае доступу да мора. Нас так кваліфікавалі, таму што адлегласьць ад польскіх гор да Балтыкі занадта вялікая. З гэткай кваліфікацыяй мелі быць зьвязаныя фінансавыя выгады. Дзеля дабрабыту Польшчы я і маўчу па сёньняшні дзень у пытаньні нашага доступу да мора.

Якім цікавым прадпісаньнем Эўразьвяз зьдзівіць нас у бліжэйшым часе?

Эўразьвяз хоча выдаткаваць 3 мільёны эўра на праграму, якая будзе прапагандаваць спажываньне інсэктаў. Бюракраты ў Брусэлі сьцьвярджаюць, што інсэкты могуць быць добрай крыніцай харчаваньня і што жыхары Эўропы павінны перайсьці на такую дыету, бо гэта можа вырашыць праблему голаду ў сьвеце і захаваць натуральнае асяродзьдзе. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG