Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узмацняецца адказнасьць за парушэньне карантыну па сьвіной чуме


У Беларусі прынятыя дадатковыя захады супраць афрыканскай чумы сьвіней і іншых хваробаў жывёл.

Згодна з пастановай Савету міністраў ад 29 жніўня ў Крымінальны кодэкс і КаАП будуць унесены зьмены, якія ўзмоцняць адказнасьць за неапавяшчэньне пра падзеж і захворваньні жывёл, за вытворчасьць, продаж або выкарыстаньне недабраякасных кармоў і кармавых дабавак, парушэньне карантынных правілаў і абмежаваньняў, а таксама іншых вэтэрынарных правілаў.

У населеных пунктах, у якіх зарэгістраваная АЧС, забаронена ўтрыманьне сьвіней на асабістых падворках грамадзян, а таксама на падворках работнікаў жывёлагадоўчых аб’ектаў.

Гэтая забарона працягнецца ня менш за 6 месяцаў пасьля забою ўсіх сьвіней і правядзеньня комплексу вэтэрынарна-санітарных мерапрыемстваў.

Забаронена рэалізацыя жывых сьвіней (акрамя маладняку) са сьвінагадоўчых комплексаў. Іх можна толькі здаваць мясаперапрацоўчым арганізацыям.

Забаронена рэалізацыя без узгадненьня зь дзяржаўнай вэтслужбай сьвініны і прадуктаў зь яе, а таксама кармоў. Гэта могуць рабіць толькі мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Нельга імпартаваць гэтую прадукцыю з краін, у якіх адзначана АЧС. Забаронены неарганізаваны гандаль сьвінінай.

Міністэрству па надзвычайных сытуацыях загадана набыць абсталяваньне для дэзынфэкцыі.

Адпаведным інстанцыям даручана распрацаваць шэраг іншых нарматыўных дакумэнтаў, паведамляе БЕЛТА.
XS
SM
MD
LG