Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Гарачка: «Баўмгертнэр адчувае сябе нармальна»


Ўладзіслаў Баўмгертнэр

Ўладзіслаў Баўмгертнэр

Адвакаты абскардзілі рашэньне Партызанскага суду Менску, які адмовіўся вызваліць з-пад варты гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Скаргу павінен разгледзець гарадзкі суд Менску.

Чаму абарона абскарджвае рашэньне суду?

«Асноўны матыў скаргі — зьмена меры стрыманьня. Калі чалавека затрымалі і накіравалі ў месцы пазбаўленьня волі, гэта нармальна ці не? Каму ж хочацца сядзець у месцах зьняволеньня?» — так адказаў карэспандэнту Свабоды адвакат Зьміцер Гарачка.

Ён ня стаў камэнтаваць пэрспэктывы скаргі ў Менскім гарсудзе.

Адвакаты працягваюць штодзённыя сустрэчы з сваім падабаронным у СІЗА КДБ.

Сустрэча адбылася ўчора і пройдзе сёньня, апавёў спадар Гарачка. Ён сказаў, што Баўмгертнэр адчувае сябе «нармальна». Як ён успрыняў навіну пра тое, што яму адмовілі ў вызваленьні з-пад варты?

Зьміцер Гарачка

Зьміцер Гарачка

«Я яго камэнтаваць не буду. Але адчувае ён там сябе нармальна. Калі чалавек абскардзіў, а яму адмовілі — вось такое стаўленьне, як і ў звычайнага чалавека. Звычайная і натуральная рэакцыя на адмову», — сказаў адвакат.

Ён паведаміў, што Баўмгертнэр ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА.

Таксама спадар Гарчака сказаў, што адвакаты робяць «усё, што можна».

6 верасьня суд Партызанскага раёну не задаволіў скаргу адвакатаў на меру стрыманьня Баумгертнэру, які быў затрыманы 26 жніўня ў Менску і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Кіраўніку «Ўралкалія» прад’яўлена абвінавачваньне па частцы 3 артыкула 424 (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры 100 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG