Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апазыцыі ствараюць альтэрнатыўную кааліцыю


Анатоль Лябедзька: «Мы хочам стварыць кааліцыю дзеля галоўнай мэты — дамагчыся, каб у краіне на выбарах лічылі галасы»

Анатоль Лябедзька: «Мы хочам стварыць кааліцыю дзеля галоўнай мэты — дамагчыся, каб у краіне на выбарах лічылі галасы»

У розных гарадах прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных партый праводзяць сходы актывістаў з мэтай стварэньня новай кааліцыі «За сумленныя справядлівыя выбары для лепшага жыцьця».

9 жніўня прайшоў такі сход у Бабруйску, у якім на сустрэчу зь Віктарам Карняенкам і Сяргеем Калякіным прыйшло каля 60 чалавек. У чацьвер будзе такая сустрэча ў Менску, у пятніцу — у Магілёве. Ужо прайшлі такія сходы ў Віцебску і Гомелі.

На гэтых сустрэчах вылучаюцца дэлегаты ўстаноўчага сходу кааліцыі «За сумленныя справядлівыя выбары для лепшага жыцьця», які пройдзе 22 верасьня ў сталіцы і мае закончыцца падпісаньнем адпаведнага міжпартыйнага пагадненьня.

«У розных гарадах на нашы сходы зьбіраюцца поўныя залі. Прыходзяць сябры апазыцыйных партый і рухаў, прыходзяць і людзі з вуліцы — дзеля цікавасьці, але нам важна, каб там былі прадстаўленыя менавіта структуры, ініцыятывы. Мы хочам стварыць кааліцыю дзеля галоўнай мэты — дамагчыся, каб у краіне на выбарах лічылі галасы», — патлумачыў «Свабодзе» лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Новая кааліцыя будзе дзейнічаць без рэгістрацыі, месца ўстаноўчага сходу пакуль ня вызначанае, сказаў спадар Лябедзька.

Новая кааліцыя ствараецца як бы ў піку аб’яднаньню БНФ, Руху «За свабоду!», кампаніі «Гавары праўду!», якія раней вылучылі ініцыятыву «Народны рэфэрэндум», кажа «Свабодзе» палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Увогуле кааліцыйнае будаўніцтва трэба вітаць, але ў гэтым канкрэтным выпадку варта казаць пра разьмежаваньне апазыцыі, тут ствараецца такі аморфны блёк, у якім прысутнічаюць былыя камуністы, лібэралы, жаночая партыя… І ў падмурку ў аб’яднаньня не ідэйныя, а амбітныя падваліны, бо яны ня могуць дамовіцца з кааліцыяй, якая раней вылучыла ініцыятыву „Народны рэфэрэндум“. Так што тут мы зьяўляемся сьведкамі барацьбы амбіцый у стане апазыцыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG