Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пінскай шляхце» далі дзяржаўную прэмію. Рэжысэра абмінулі


«Пінская шляхта» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, 2011
«Пінская шляхта» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, 2011

Спэктакль Купалаўскага тэатру паводле п’есы «Пінская шляхта» атрымаў Дзяржаўную прэмію за мінулы год у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Прэмія прысуджаная артысту Віктару Манаеву, мастаку-пастаноўшчыку Вользе Мацкевіч і кампазытару Андрэю Зубрычу. Пастаноўшчыка Мікалая Пінігіна ў сьпісе ляўрэатаў няма.

Спэктакль «Пінская шляхта» паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, як паведаміла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА, указам Аляксандра Лукашэнкі ўганараваны дзяржаўнай прэміяй разам з архітэктарамі «Мінск-арэны», опэрнай сьпявачкай Нінай Шарубінай, распрацоўшчыкамі колавых цягачоў чацьвёртага пакаленьня, іншымі ляўрэатамі.

«Творчы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы стварыў спэктакль, які стаў выдатнай зьявай у тэатральным жыцьці краіны, які ўяўляе сабой яркае ўвасабленьне клясыкі сучаснымі сцэнічнымі сродкамі. Гэтая пастаноўка атрымала высокую ацэнку і прызнаньне ня толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Прэмія прысуджаная народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву, мастаку-пастаноўшчыку Вользе Мацкевіч і кампазытару Андрэю Зубрычу», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

«Гэта спэктакль, варты Дзяржаўнай прэміі, востры, сучасны і па сутнасьці сваёй антырасейскі. П’еса, якую раней браліся ставіць хіба што ў аматарскіх калектывах, знайшла выдатнае ўвасабленьне на акадэмічнай сцэне.

Зьдзіўляе толькі, што сярод ляўрэатаў няма галоўнага стваральніка гэтага твору, рэжысэра-пастаноўшчыка Мікалая Пінігіна. Гэта абсурд, бо стварэньне гэтага спэктакля — гэта перш за ўсё заслуга Пінігіна, мастацкага кіраўніка тэатру. Іншыя — выканаўцы ягонай задумы і волі», — зазначыў з гэтай нагоды тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі.

Паводле палажэньня аўтарскі калектыў працы, якая вылучаецца на Дзяржаўную прэмію, ня можа перавышаць трох чалавек. У гэтую тройку галоўны стваральнік «Пінскай шляхты» і ня трапіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG