Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 10 верасьня: Прэзэнтацыя альбому Аляксея Жданава; футбол Беларусь-Францыя


Францыя —Беларусь, 3 верасьня 2010

Францыя —Беларусь, 3 верасьня 2010

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У кнiгарні «логвінаЎ» адбудзецца прэзэнтацыя альбому Аляксея Жданава (1948-1993), беларускага расейскамоўнага паэта і мастака, у «Калекцыі пАРТызана». Прэзэнтацыю правядзе паэт Дзьмітры Строцаў. Акрамя гісторый з жыцьця Аляксея Жданава, прагучаць ягоныя вершы ў выкананьні Дзьмітрыя Строцава. Пачатак а 19.00.

На стадыёне «Цэнтральны» ў Гомелі адбудзецца адборачны матч да чэмпіянату сьвету 2014 па футболе паміж зборнымі Беларусі і Францыі. Пачатак а 22.00.

10 верасьня – Сусьветны дзень прадухіленьня самагубстваў. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, агульная колькасьць сьмерцяў ад самагубства набліжаецца да мільёна на год. Паводле Вікіпэдыі, у гэтай статыстыцы Беларусь займае 6-тае месца ў сьвеце, з паказальнікам 23 сьмерцяў на 100 тысяч насельніцтва на год.

ГЭТА ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1893 – нарадзіўся Аляксандар Ляўданскі, беларускі гісторык і археоляг. Скончыў Смаленскае аддзяленьне Маскоўскага археалягічнага інстытуту (1922); у 1922-1925 вучыўся ў Смаленскім унівэрсытэце, з 1925 яго выкладчык, супрацоўнік Смаленскага музею. З 1927 у Менску; член гісторыка-археалягічнай камісіі Інбелкульту; загадчык сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі БелАН. Адначасова працаваў у БДУ; дацэнт. Арганізатар першых навукова-археалягічных экспэдыцый у БССР. Арыштаваны 19 мая 1937; па пастанове НКУС ад 25 жніўня 1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1958.

1897 – нарадзіўся Жорж Батай, французскі філёзаф і пісьменьнік (пам. 1962).

1916 – памёр Аляксандар Ельскі, беларускі пісьменьнік, гісторык, этнограф, краязнавец (нар.1834). Ельскаму належыць некалькі вершаваных і празаічных твораў на беларускай мове – «Сынок» (1895), «Выбіраймася ў прочкі» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцьці і сьмерці п'яніцы» (1900). У творчай спадчыне Ельскага шмат працаў на польскай і рускай мовах, якія прысьвечаны пераважна мінуламу Беларусі і яе гісторыі ды эканоміцы. Найбольш цікавыя з іх – «Слоўца аб старым Заслаўі», «Пра беларускую гаворку», «Нататкі аб падарожжы па Менскай губэрні», «Слоўца аб матэрыялах, якія служаць для дасьледаваньня беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры». Напісаў звыш 10 тысяч гістарычна-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь для «Польскай ілюстраванай энцыкляпэдыі» і «Геаграфічнага слоўніка».

1923 – нарадзіўся Мікалай Бірыла, беларускі мовазнаўца (пам.1992). У 1956—1958 – прафэсар катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. З 1959 – загадчык сэктараў тэрміналёгіі, сучаснай беларускай мовы і культуры мовы Інстытуту мовазнаўства АН БССР. З 1977 – в. а. акадэміка-сакратара, у 1982-1992 – акадэмік-сакратар Аддзяленьня грамадзкіх навук АН Беларусі. Апублікаваў больш за 110 навуковых прац, у т. л. 8 манаграфій і слоўнікаў. Асноўныя навуковыя працы датычылі пытаньняў беларускай дыялекталёгіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы.

1929 – нарадзіўся Яўген Глебаў, беларускі кампазытар.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Людзі адрозьніваюцца ад жывёлаў тым, што выконваюць забароны, але забароны – двухсэнсоўныя. Людзі іх выконваюць, але адчуваюць патрэбу іх парушыць. Парушэньне забаронаў не азначае іх няведаньня і патрабуе мужнасьці і рашучасьці. Калі ў чалавека ёсьць мужнасьць, неабходная для парушэньня межаў – можна лічыць, што ён адбыўся. У прыватнасьці, праз гэта і адбылася літаратура, якая аддала перавагу выкліку як парыву. Сапраўдная літаратура падобная Прамэтэю. Сапраўдны пісьменьнік асьмельваецца рабіць тое, што супярэчыць асноўным законам грамадзтва».

Жорж Батай
XS
SM
MD
LG