Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вар, а Вар, вярні мае легіёны!» — паўтараў, грукаючы галавой аб сьцяну, у верасьні 9 году рымскі імпэратар Актавіян Аўгуст. Пагрукае, пакрычыць, адыдзе на гадзінку паабедаць, а потым вяртаецца — і зноў: вар ды вар, вярні ды вярні.

Гузак сабе набіў — але што такое гузак на лбе ў параўнаньні зь незагойнай ранаю, нанесенай у тыя дні Аўгуставай імпэрыі ў Тэўтабурскай даліне. Тры легіёны пяхоты, уся разьмешчаная ў Германіі кавалерыя, шэсьць дапаможных атрадаў, больш за 20 тысяч салдатаў, карацей, «тры партсігары ацечэственных», «усё, нажытае непасільнай працай» было страчанае адным махам няздарным Варам. Апошні раз рымляне цярпелі такую паразу шэсьцьдзесят гадоў перад тым, ад парфянаў — і горыч яе была ўжо забытая. Нарадзілася і вырасла пакаленьне, якое ўявіць сабе не магло такой жудасьці, як разгром барбарамі гордых рымскіх кагортаў. А тут — гэткая ганьба... І ад каго — ад нейкіх хер... хер ведае ад каго, адным словам: ад херускаў. Такіх паслухмяных і верных.

Таму: Вар, вярні, а?

Галава, да якой быў зьвернуты гэты поўны роспачы і цалкам рытарычны заклік, у гэты час мірна пагойдвалася ў мяху. Звычайным мяху, які вястун гэтых самых херускаў нёс праз германскія лясы ў стан іншага племя, свэваў. У падарунак ад галоўнага херуска Армінія тамтэйшаму правадыру — глядзі, маўляў, вось табе рымская галава, сьсекчы можна і такую, таму давайце, таварышы свэвы, да нас, рубаць старажытнарымскіх акупантаў.

Галава Квінтылія Вара маўчала. А расказаць ёй было што. Напрыклад, пра здраду: колькі дзічыны было зьедзена з тым Армініем, колькі разам выпіта нямецкага піва. Ці пра той самы дзень, 11 верасьня (меркаваная, але не пацьверджаная да канца дата Тэўтабурскай бітвы). Калёна рымлянаў расьцягнулася на некалькі кілямэтраў, праход каля ўзгорку Калькрызэ на Аснабруччыне вузкі і цесны, як і належыць пастцы. Насоўваецца бура, дождж хвошча рымлянаў па антычных профілях, вецер усчынаецца такі, што ломіць вершаліны дрэваў. За некалькі хвілін дарога ператвараецца ў сапраўдную багну. І тут з гушчару, з абодвух бакоў, вылятае іншая бяда: тысячы германскіх стрэл.

Рымляне падаюць тварамі ў топкую гразь. З-за дрэваў выскокваюць валасатыя чэрці зь сякерамі і мячамі, баявы кліч чуваць ва ўсёй даліне. Херускі атакуюць па ўсёй даўжыні калёны і адразу ж зьнішчаюць значную частку рымскага войска. Але нават пры такіх умовах рымляне здолелі арганізаваць абарону і нават стаць лягерам. Бітва працягваецца тры дні. Праз тры дні легіёнаў больш няма. Няма таго, што раньш было, таго, што Рым прынёс у гэтыя лясы: avaritia, crudelitas i superbia. Сквапнасьці, жаху і фанабэрыі.

Засталася галава Вара. Яна ляжыць сабе ціха-мірна ў даматканым мяху на плячы германца і думае пра сваё. Германец ідзе праз гушчар аднаму яму вядомымі сьцежкамі. Але нават ён не падазрае, куды яна прывядзе. Да якой велічы і якой бяды. Чым зробіцца для сьвету Германія, вызваленая ад Рыму — і чым Нямеччына, якая зноў прыгадае Армінія тады, калі аплакваць трэба будзе ўжо зусім іншыя легіёны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG