Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі таксама фальсыфікацыі, але там хоць галасы лічаць»


Сяргей Сабянін на Балотнай плошчы

Сяргей Сабянін на Балотнай плошчы

Паводле афіцыйных вынікаў выбараў мэра Масквы, Сяргей Сабянін атрымаў 51,37% галасоў і выйграў у першым туры. Аляксей Навальны, лідэр апазыцыі і асноўны канкурэнт Сабяніна, атрымаў 27,24%.

Сабянін, якога падтрымлівае Крэмль, назваў выбары самымі справядлівымі ў гісторыі Масквы. Навальны вінаваціць улады у фальшаваньні вынікаў, ягоны штаб заяўляе, што выбары ня будуць прызнаныя без правядзеньня другога туру.

Чым адметныя выбары мэра Масквы для Беларусі?

На думку лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, на гэтых выбарах вызначалася, які трэнд будзе прыярытэтным для Расейскай Фэдэрацыі: ці будзе Расея, як ён выказаўся, паўзьці крок за крокам да стандартаў АБСЭ, ці яна будзе спаўзаць да беларускай сытуацыі:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«На сёньняшні дзень, у Расеі ёсьць фальсыфікацыі, але там лічаць галасы. Гэта тое, што вельмі актуальна для Беларусі, — галасы лічаць. І вось гэтым яны вельмі цікавыя для нас, таму што адна інфармацыйная прастора, і калі там трэнд на выбары будзе ўзмацняцца, хоць ён такі млявы, — гэта плюс для нас. Тады мы застаёмся адзінымі на постсавецкай прасторы, дзе няма нічога нават блізка падобнага да выбараў. А другая акалічнасьць, якая хвалюе, — чым мацнейшая палітычная апазыцыя ў Расеі, тым лепей для Беларусі. Гэта азначае, што Крэмль вымушаны займацца сваімі ўнутранымі праблемамі, і ў яго менш рэсурсаў, каб займацца прывязваньнем Беларусі да сябе».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама адзначае, што ў Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, галасы выбаршчыкаў прынамсі лічаць:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Што тычыцца падліку галасоў, на маю думку, падлік галасоў быў справядлівы. Але тое, што тычыцца магчымасьцяў доступу да сродкаў масавай інфармацыі, магчымасьцяў выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу, — у мяне склалася меркаваньне, што тут, безумоўна, перавагу меў спадар Сабянін. Ну, і пра роўнасьць, і, адпаведна, пра справядлівасьць гаварыць нельга».

На думку палітоляга Юрыя Царыка, выбары мэра Масквы паказалі найперш крызіс электаральнай дэмакратыі, характэрны ня толькі для Расеі, але і для ўсяго сьвету. Гэта вельмі нізкая яўка, нягледзячы на, здавалася б, сэнсацыйныя выбары, зьвязаныя з пасадкай і вызваленьнем Навальнага. На ягоную думку, на саміх выбарах мала што залежала ад таго, які выбар будзе зроблены. І для Юрыя Царыка як палітоляга выбары былі цікавымі з пункту гледжаньня вывучэньня ўнутрыэлітнай сытуацыі ў Расеі:

«Таму што для мяне асабіста відавочна, што Навальны, яго прасоўваньне, ягоны даволі высокі для апазыцыянэра вынік зьвязаны з тым, што ён быў падтрыманы часткай расейскага істэблішмэнту. І тое, што ў бліжэйшы час, натуральна, будуць аспрэчвацца вынікі выбараў — перамога Сабяніна ў першым туры — гэта ўсё паказчык адсутнасьці адзінства ў расейскай уладзе, паказчык, скажам так, істотных супярэчнасьцяў».

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч не падтрымлівае меркаваньне, што вынікі выбараў сьведчаць пра маральную перамогу Навальнага ці апазыцыі.

На ягоную думку, тое, што зараз адбылося на выбарах мэра Масквы, — гэта вынік паліттэхналёгіяў трэцяга пакаленьня:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Сёньня ўлады вельмі адмыслова валодаюць паліттэхналёгіямі, якія дазваляюць і задаволіць пратэстныя настроі, і паказаць празрыстасьць працэдуры галасаваньня. Як заўважыў адзін з кандыдатаў на пасаду мэра Масквы, які набраў, здаецца, найменшую колькасьць галасоў, „няма ніякіх сумненьняў у тым, што выбары былі празрыстымі, а вось ці былі яны сумленнымі — гэта асобнае пытаньне“. Я думаю, што гэта пакуль самае слушнае выказваньне пра гэтыя выбары».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG