Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўлёткі пра «Народны рэфэрэндум» — 2 мільёны штрафу


Віцебскага сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Андрэя Андрэева прызналі вінаватым у тым, што ён парушыў заканадаўства аб СМІ, калі распаўсюджваў улёткі.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас аштрафавала яго на 2 мільёны рублёў.

Пэнсыянэра затрымалі 13 жніўня ў адным са шматпавярховых дамоў Віцебска. На ягоную думку, міліцыю выклікаў нехта з мясцовых жыхароў, якім падаўся падазроным занятак актывіста — распаўсюд улётак пра «Народны рэфэрэндум» і дзейнасьць кампаніі «Гавары праўду».

Міліцыянты склалі на Андрэева пратакол паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У судзе Андрэеў не адмаўляў факту распаўсюду ўлётак. Але вінаватым сябе не прызнаў, бо ня лічыць распаўсюд інфармацыі правапарушэньнем.

У Андрэя Андрэева ёсьць 10 дзён, каб абскардзіць рашэньне суду. Улёткі, сканфіскаваныя ў міліцыі, яму не вярнулі.
XS
SM
MD
LG