Лінкі ўнівэрсальнага доступу

XIV Трыялёг у Крынках без Сакрата Яновіча

абноўлена

Лешэк Мачульскі і Адам Міхнік. Фота Радыё Рацыя
Лешэк Мачульскі і Адам Міхнік. Фота Радыё Рацыя

Сярод іншага, Адам Міхнік папрасіў прабачэньня ад усіх палякаў за справу Бяляцкага

Трыялёг — гэта трохбаковы і трохчасткавы дыялёг, прыдуманы Сакратам Яновічам і праведзены ў ягоных родных Крынках у 14-ты раз, але ўпершыню бяз Майстра, які памёр у лютым сёлета. Фундацыя Villa Sokrates, Сакратам жа і створаная, правяла XIV Трыялёг «Сакрат Яновіч і сучаснасьць» у форме трох дыскусіяў на тэмы Літаратуры, Культуры ды Палітыкі з удзелам беларусаў Падляшша і Беларусі, палякаў, гасьцей з заходніх краінаў. Адбыліся дыскусіі з удзелам Адама Міхніка, Ігнацыя Карповіча, Уладзіміра Някляева, Вінцука Вячоркі, Сяргея Чыгрына ды іншых вядомых асобаў. Пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні ў Крынках, распавядае Радыё Свабода адзін з удзельнікаў Трыялёгу Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
Натуральна, Сакратава постаць нябачна прысутнічала разам з намі ў гмінным цэнтры культуры (былой местачковай «Каўкаскай» сынагозе), і ўсе дыскусіі так ці інакш былі зьвязаныя з Сакратавай спадчынай. У літаратурнай частцы пра Сакратаву ролю гаварылі вядомыя польскія літаратары — празаік Анджэй Стасюк, пісьменьнік і перакладнік Ігнацы Карповіч — і беларускі пісьменьнік Уладзімер Някляеў. На тэмы постаці Сакрата ў культуры разважалі віленская канадыйка, перакладніца Тамара Андрушкевіч ды італьянка Габрыеля Кардаца (яна здымала дакумэнтальны фільм пра Сакрата Яновіча), кіраўнік фундацыі «Пагранічча» з Сэйнаў Кшыштаф Чыжэўскі ды беларускі краязнаўца і журналіст са Слоніма Сяргей Чыгрын.

Сакрат Яновіч
Сакрат Яновіч
Важнаю часткаю Трыялёгу стаў паказ пад адкрытым небам спэктаклю «Antyhona», дзе нечакана спляліся старажытны Сафоклаў сюжэт і трагедыя гвалтоўна распаласаванай межамі зямлі Падляшша, а канкрэтна — Крынак і ваколіцаў. На паказ сабраліся, здаецца, усе Крынкі — і ня толькі таму, што ня кожны дзень у малое мястэчка прыяжджае Беластоцкі драматычны тэатар ды выстаўляе 12-мэтровай вышыні сцэнічную канструкцыю, на якой стаіць хор грэцкае трагедыі. Дарэчы, пра канструкцыю і сцэнаграфію: іх аўтар, як і аўтар ідэі спэктаклю, — усясьветна вядомы Лявон Тарасэвіч, беларускі мастак у Польшчы, адзін з блізкіх сяброў Сакрата і натхняльнік сёлетняга Трыялёгу. Таталітарныя чужыя ўлады ня толькі ў вайну, але і пасьля вайны прынесьлі бяду практычна ў кожную крынкаўскую сям’ю. Паўтарытысячная аўдыторыя моўчкі лавіла кожнае слова актораў (сярод якіх і Алесь Малчанаў), а ў канцы грымнула шчырымі авацыямі. У спэктаклі гучыць і беларуская мова. Па-мойму, у Крынках адбылася культурная падзея агульнапольскага і агульнабеларускага маштабу, а мо й шырэйшага.


Відэа Улада Грынеўскага, Беларускае Радыё Рацыя


Пра палітычную дыскусію. У ёй узялі ўдзел вэтэраны польскага антыкамуністычнага руху рэдактар «Газэты выборчай» Адам Міхнік ды былы старшыня Канфэдэрацыя незалежнай Польшчы Лешак Мачульскі, а зь беларускага боку быў я. Дыскусія кранулася дзьвюх тэмаў (якія смылелі ўвесь час і Сакрату Яновічу як палітычнаму мысьляру): стану і лёсу беларускай супольнасьці Падляшша ды палітычнае сытуацыі ў Беларусі й вакол яе. Адам Міхнік прыгадаў першае знаёмства зь Яновічавай творчасьцю — кнігі «Сярэбраны яздок» і «Беларусь, Беларусь...» уразілі яго адкрыцьцём невядомага сьвету, невядомага адметнага народу і адначасова здольнасьцю аўтара бачыць гармонію ў нацыянальна-рэлігійнай разнароднасьці. Міхнік сказаў, што ўгледзеў у Сакратавых кнігах праект будучыні рэгіёну.

"Антыгона" ў Крынках. Фота Новы Час
"Антыгона" ў Крынках. Фота Новы Час


Я ўзгадаў нашую першую асабістую сустрэчу з Сакратам — акурат у чыста палітычных акалічнасьцях. Гэта быў 1991 год, ужо было створанае Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне — першая палітычная партыя беларусаў Падляшша, а першым лідэрам БДА стаў, натуральна, Сакрат Яновіч. У Белавежу тады прыехалі зь Менску вялікая дэлегацыя Беларускага Народнага Фронту, а з-за акіяну — лідэры дыяспары, сябры Рады БНР Янка Запруднік ды іншыя. Гаворка ішла пра тое, што рабіць беларусам, падзеленым межамі, у новых гістарычных акалічнасьцях. Сакрату ня надта падабалася быць практычным палітыкам, але ён адказна выконваў місію. Зь ягоных успамінаў і эсэ для палітычных высноваў істотная думка пра адчужанасьць беларуса ад уладаў, якая апошнія пару стагодзьдзяў зьмянялі адна адну, але для яго былі чужымі й варожымі. Я дадам, што цяперашняя ўлада Лукашэнкі ў Беларусі шмат кім не ўспрымаецца як свая. Яна і ня ёсьць свая, бо нішчыць асновы бытаваньня народу і нацыі. Людзі ў лепшым выпадку выконваюць рытуал ляяльнасьці, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Лукашызм жа, нягледзячы на суфікс -ізм, цэласнай ідэалёгіі зь сябе не ўяўляе, гэта спроба спэкуляваць на савецкіх рэфлексах ды агрэсіўна-варожае стаўленьне да беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў. «Краіна» і «дзяржава» ў выпадку цяперашняй Рэспублікі Беларусі не супадаюць.
Лешак Мачульскі выказаў скруху, што апазыцыя ў Беларусі моцна падзеленая, а таму складана зь ёю кантактаваць.

Натуральна, зайшла гаворка пра польскую палітыку стасоўна Беларусі. Я сказаў, што сучасная польская палітыка ў вялікай ступені ёсьць складнік палітыкі Эўрапейскага Зьвязу, а апошняя ў 2008 годзе разьвярнулася тварам да Лукашэнкі, што ня толькі не зрабіла яго незалежнікам, але прывяло Беларусь у Мытны эўразійскі зьвяз, расейскую базу баявой авіяцыі — у Ліду, а расейскія войскі — на чарговыя манэўры ля самай польскай мяжы. Што да калійнага канфлікту, то, на маю думку, Лукашэнка проста стаў удзельнікам ды інструмэнтам унутрырасейскіх канфліктаў, і ён ніколі б не пасьмеў ісьці на такі небясьпечны крок, як арышт Баўмгертнэра, калі б ня меў гарантыяў, а то і замовы (тут са мной паспрачаўся Ўладзімер Някляеў).


Верш пра Сакрата. Уладзімір Някляеў узгадвае Сакрата Яновіча. Крынкі-2013


Лешак Мачульскі выказаў скруху, што апазыцыя ў Беларусі моцна падзеленая, а таму складана зь ёю кантактаваць. Мадэратар, колішні дэпутат Міраслаў Чэх сказаў, што раней усе мэтады працы з рэжымам у Менску былі выпрабаваныя і не далі выніку. Я не пагадзіўся: не была пасьлядоўная ані тактыка ізаляцыі, ані лінія на «ўцягваньне» краіны (народу, не дзяржавы!) у эўразьвязаўскую прастору. Ніколі беларусам ня быў дадзены сыгнал: разьвітаецеся з дыктатураю, праведзяце такія і такія рэформы — маеце ўсе магчымасьці стаць сябрамі ЭЗ. Хаця такі сыгнал быў пасланы балканскім краінам з усімі іхнымі праблемамі, калі-нікалі большымі за нашыя.

Беларускі Трыялёг у Крынках
Беларускі Трыялёг у Крынках


Я сказаў, што цяперашняя слабасьць беларускай апазыцыі часткова вынікае з эўрапейскага развароту 2008 году, які паказаў і апазыцыі, і праэўрапейска настроенай частцы грамадзтва, што ЭЗ зусім неабавязкова ёсьць носьбіт каштоўнасьцяў. І так узьнікла штучная дылема: маўляў, калі ты незалежнік — то мусіш паціху яднацца з Лукашэнкам (ён жа, паводле гэтай канцэпцыі, галоўны абаронца незалежнасьці!), а калі ты супраць дыктатуры — то, значыць, вораг незалежнасьці ды агент Масквы. Каштоўнаснай пазыцыі — незалежнасьць і свабода — як бы і месца няма пры такім фальшывым ультыматуме.
Немагчыма «вытаргаваць» у рэжыму Лукашэнкі нейкага асобнага трактаваньня беларускіх палякаў, толькі свабодная дэмакратычная Беларусь забясьпечыць ім, як і ўсім грамадзянам, належныя свабоды.

Таксама я выказаўся пра неабходнасьць шырэйшага, кантэкстуальнага разгляду праблемаў мяншыняў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Немагчыма «вытаргаваць» у рэжыму Лукашэнкі нейкага асобнага трактаваньня беларускіх палякаў, толькі свабодная дэмакратычная Беларусь забясьпечыць ім, як і ўсім грамадзянам, належныя свабоды. У сваю чаргу інстытуцыянальна забясьпечаныя нацыянальна-культурныя правы беларускай супольнасьці Падляшша, яе культурнае і эканамічнае працьвітаньне былі б найлепшым аргумэнтам на карысьць эўрапейскага, а не эўразійскага выбару Беларусі. Разам з тым не здымаю адказнасьці зь беларускіх дэмакратычных палітыкаў: чым хутчэй наступяць дэмакратычныя зьмены ды будзе спыненая русыфікацыя ў Беларусі, то лепшыя будуць шанцы на захаваньне і разьвіцьцё беларушчыны Падляшша.

Яшчэ я б адзначыў дваістасьць некаторых паняцьцяў ува ўсіх дыскусіях. У вуснах польскіх выступоўцаў слова «нацыяналізм» мела нэгатыўную канатацыю, скіраваную фактычна супраць шавінізму, які не пакідае месца мяншыням — такім, як беларуская. Беларуская ж вэрсія нацыяналізму — абарончая, яна неадлучная ад дэмакратычных каштоўнасьцяў ды разглядае ўсіх, хто церпіць ад нэасавецкай дыктатуры, як паплечнікаў. Востра сказаў пра незаслужанае ярлыкаваньне беларусаў Беласточчыны грамадзкі лідэр, кіраўнік Радыё Рацыя Яўген Вапа.
Воплескамі было сустрэтае прабачэньне, якое Адам Міхнік прынёс ад усіх палякаў за справу Алеся Бяляцкага.

Адам Міхнік рэалістычна зазначыў, што Эўрапейскі Зьвяз і ня ёсьць носьбітам каштоўнасьцяў, і было б дысыдэнцкаю памылкаю лічыць, што ЭЗ нешта некаму абавязаны, бо ён кіруецца інтарэсамі, і варта фармуляваць свае памкненьні так, каб яны супадалі з тымі інтарэсамі. Ён таксама паўтарыў тэзу пра расколаты стан беларускай апазыцыі: маўляў, для танга трэба двое, а з нашага боку партнэра няма. І паабяцаў не выпускаць з-пад увагі беларускую тэму ў сваёй газэце.

Воплескамі было сустрэтае прабачэньне, якое Адам Міхнік прынёс ад усіх палякаў за справу Алеся Бяляцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG