Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я нямецкую б вывучыў толькі за тое, што ёй гаварыла Лені... А дакладней, Гэленэ Бэрта Амалія Рыфэншталь, бадай, самая спрэчная зь нямецкіх, дый ня толькі нямецкіх дзеячоў культуры. Якім усё жыцьцё наканавана чуць пераважна адно пытаньне: з кім вы?...

Або на старажытны, прыгонна-панскі лад: чыіх вы будзеце, майстры культуры? Лені Рыфэншталь застанецца ў гісторыі ясна чыіх: улюбёнай рэжысэркай Гітлера. Няхай і ня надта працяглы час — саюз двух сэрцаў скончыўся ўзаемным расчараваньнем, але фюрэр, на жаль, ня з тых асобаў, ад поціску рукі якіх — нават мімалётнага — можна адцерціся мылам або газай. Або — о сынэма! — уратавацца правільным мантажом. Мімалётнасьці ў іхным знаёмстве якраз-такі не было — былі ўзаемныя сымпатыя і зацікаўленасьць... што там казаць, палёт Лені над грэшнай зямлёю быў эфэктны, як парад «Люфтвафэ». Дый у яго быў канец. У ноч з 8 на 9 верасьня 2003 году ў баварскім Пёкінгу, тым самым, дзе некалі павесілі мяцежнага генэрала Фэльгібэля, скончылася паўнамэтражная, каляровая драма пад назваю «Трыюмф няволі, або жыцьцё Лені Рыфэншталь, прыдуманае ёй самой».

Бязь Лені зь яе наватарскімі прыёмамі, зь яе камэрамі на вазочках, панарамамі, запаволенымі і паралельнымі здымкамі кіно было б іншым. Безь сяброў і працадаўцаў Лені зь іхнымі камэрамі... газавымі і астатнімі... — іншым быў бы сам сьвет.

Ну так, «Алімпію» ўсе глядзелі, «Трыюмф волі» таксама — а вось «Майн кампф» чытаў далёка ня кожны. У сучаснай Нямеччыне той «Маёй барбы», дарэчы, няма ў вольным доступе: трэба браць спэцыяльны дазвол... Які, зрэшты, атрымаць няцяжка. Сувязі паміж гэтымі мастацкімі творамі няма ніякай — але ва ўяўнай прыватнай бібліятэцы д’ябла, у якую лёгка ўвайсьці, але якую так складана пакінуць, яны стаяць ледзьве не на адной паліцы. Фільмы Рыфэншталь — яшчэ адзін, ці ня самы моцны доказ перавагі эстэтыкі над этыкай, якую нацызм так удала выкарыстаў у сваіх мэтах. У параўнаньні зь імі Гітлераў «бэстсэлер» — панурае мармытаньне ідыёта. Вось толькі замаўляюць музыку звычайна акурат панурыя ідыёты — танчыць даводзіцца іншым.

Гітлеру пашанцавала: рэдка калі ў сеткі таталітарных рэжымаў трапляе такая рыбка. А ў ягонай сетцы талентаў назьбіралася нямала: Гамсун, Паўнд, Лені — ужо хопіць на падтрымку штаноў. Млявай беларускай аўтакратыі таксама пазарэз патрэбная такая Лені. Ужо даўно — фактычна, з самага пачатку. Але ні эстэтыкі, ні этыкі ў гэтай бяздарнай дзяржаве не разумеюць: пошласьць пасьпяхова пажырае ўсё яшчэ на эмбрыянальнай стадыі. Цяжка ўявіць сабе, каб хаця б адзін вялікі талент у краіне ўзяўся за сапраўдную працу на дзяржаўную замову. На тэму будучага хакейнага чэмпіянату можна было б зьняць такую «Алімпію» — Лені ў труне перавярнулася б. Але ўсё, што выціснулі зь сябе дзеячы культуры на дзяржаўнай службе да нашага «трыюмфу волі», гэта пакуль што песенька, напісаная адным паэтам у пошуках «нобэлю»:

«Сусветных зорак
У Мінску парад.
Чэмпіянат, чэмпіянат.
Забудзь пра вячэру,
Забудзь пра абед,
Спяшайся купіць
Апошні білет.
На лёд выходзіць твая дружына,
Вітай хакей, мая краіна.
Прыпеў:
Кружыць планету хакей.
Атакі дзявяты вал.
Хто на арэне нашай мацней,
Сягоння пакажа фінал».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG